За экскурсію па Гомелі апазіцыянераў кінулі за краты на 10 сутак
- 23.04.2008, 9:55
Слуханні па адміністрацыйнай справе ў адносінах удзельнікаў экскурсіі, прысвечанай 90-годдзю БНР, праходзілі 22 красавіка ў судзе Новабеліцкага раёну Гомеля, паведамляе БелаПАН.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Процка і актывіст аргкамітэту стварэння руху "Беларускай хрысціянская дэмакратыя" святаслаў Шапавалаў прысуджаныя суадносна да сямі і дзесяці сутак арышту за ўдзел у экскурсіі, прысвечанай 90-годдзю абвяшчэння БНР, якая адбылася 23 сакавіка.
Каля 20 чалавек з чырвонымі і белымі паветранымі шарыкамі прайшлі па месцах, звязаных з дзейнасцю міністра БНР Палуты Бадуновай. У адносінах васьмі ўдзельнікаў экскурсіі супрацоўнікі Новабеліцкага РУУС склалі пратаколы па частцы 1 артыкула 23.24 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).
А.Процка на судзе заявіў, што вінаватым сябе не прызнае: "Быў выходны дзень, і мы з жонкай гулялі па горадзе ў складзе экскурсійнай групы. У пратаколах сказана, што я прыцягваў увагу грамадзянаў. Я што, голы ішоў, ці ў мяне на ілбе нешта напісана? Міліцыянты сцвярджаюць, што яны папярэджвалі аб несанкцыянаваным мерапрыемстве. Мяне ніхто не папярэджваў: усе супрацоўнікі былі ў цывільным і не прадстаўляліся. Яны не разявалі рты, а толькі здымалі відэа. І чаму нам кажуць, што калі мы хочам правесці экскурсію, нам трэба было ехаць на грамадскім транспарце? Гамельчукі ўжо не маюць права шпацыраваць пешшу?"
С.Шапавалаў вінаватым сябе таксама не прызнаў.
У якасці доказа ў судзе дэманстраваўся відэазапіс мерапрыемства, які вялі супрацоўнікі міліцыі. Суддзя Алег Харошка палічыў экскурсію незаконным шэсцем з наступным пікетам.
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Зміцер Кутасаў таксама прызнаны вінаватым па гэтай справе і аштрафаваны на 15 базавых велічыняў (525 тыс. рублёў). Суда чакаюць яшчэ пяць ўдзельнікаў экскурсіі: Уладзімір Няпомняшчы, Іван Адаменка, Таццяна Бублікава, Сяргей Трыфанаў і Марыя Тульжанкова.