BE RU EN

Беларусаў хочуць пасадзіць на аўтамабілі ад МАЗа

  • 23.04.2008, 10:32

Менскі аўтамабільны завод (МАЗ) разглядае магчымасць зборкі легкавых аўтамабіляў. Пра гэта, як паведамляе "РІА Новости", 22 красавіка заявіў журналістам у Маскве генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Косцень.

"Цяпер мы вядзем перамовы з трыма замежнымі кампаніямі - ААТ "АвтоВАЗ", кампаніяй з Нямеччыны і кампаніяй з Кітая", - адзначыў ён. І ўдакладніў, што МАЗ абярэ партнёра, які прапануе найбольш прывабны інвестыцыйны план.

"Першыя перамовы пачнуцца ў траўні. Магу паведаміць, што ў Беларусь прыедзе Барыс Алешын (прэзідэнт "АвтоВАЗа")", - сказаў М.Косцень.

Па ягоных словах, трэба два-тры гады на ўсе ўзгадненні, і толькі пасля гэтага пачнецца наладка вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Генеральны дырэктар паведаміў, што на першым этапе плануецца збіраць 20-50 тыс. аўтамабіляў у год, большасць з якіх пойдзе на расейскі рынак.

М.Косцень адзначыў, што ў красавіку МАЗ быў прыняты ў Асацыяцыю аўтавытворцаў Расеі.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Менскі аўтамабільны завод" з'яўляецца найбуйным у Беларусі і адным з найбуйных у краінах Усходняй Еўропы вытворцам вялікагрузнай аўтамабільнай, а таксама аўтобуснай, тралейбуснай і прычапной тэхнікі. На расейскім рынку завод рэалізуе каля 60% грузавых аўтамабіляў. У 2007 годзе ў Расеі было рэалізавана больш за 19 тысяч адзінак аўтатэхнікі "МАЗ".

Апошнія навіны