BE RU EN

Адміністрацыя Джорджа Буша патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць палітвязняў

  • 23.04.2008, 10:47

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джорджа Буша выступіла ў аўторак з патрабаваннем да ўладаў Беларусі аб "неадкладным і безумоўным" вызваленні ўсіх палітвязняў у краіне.

"Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Андрэй Кіма, а таксама ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі", - заявіў у Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік дзярждэпартамента ЗША Том Кейсі.

Па словах прадстаўніка амерыканскага замежнапалітычнага ведамства, "беларускія ўлады працягваюць ужываць жорсткую тактыку як для разгону дэманстрацыяў апазіцыі, так і для жорсткага прысуду, вынесенага, як мы бачым, у дачыненні Андрэя Кіма і шэрагу іншых актывістаў".

"Гэта яшчэ адзін прыклад, як беларускі ўрад працуе над тым, каб прымусіць замоўкнуць палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць", - заявіў Том Кейсі, якога цытуе РІА "Новости".

У аўторак рашэннем суда моладзеваму актывісту Андрэю Кіму прызначаны паўтары гады зняволення. Ён прызнаны вінаватым у нападзе на супрацоўніка міліцыі падчас студзеньскай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Апошнія навіны