BE RU EN

Мінюст у трэці раз адклаў рэгістрацыю руху «За свабоду»

  • 23.04.2008, 11:28

Раніцай 23 красавіка старшыню аргкамітэту руху Аляксандру Мілінкевічу паведамілі ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі, што гэтае ведамства адклала рэгістрацыю праваабарончага грамадскага аб'яднання “Рух "За Свабоду".

У Мінюсту паўсталі прэтэнзіі да графічнага афармлення лагатыпа аб'яднання, а таксама да таго, што ў платформе руху, размешчанай на сайце Аляксандра Мілінкевіча, ёсць пункты, не адпаведныя статуту, прадстаўленаму для рэгістрацыі ў Мінюст. Аргкамітэту “Руху " За Свабоду" прапанавана на працягу месяца прывесці дакументы ў адпаведнасць з патрабаваннямі Мінюсту, паведамляе БелаПАН.

Варта адзначыць, што гэта ўжо трэцяя спроба зарэгістраваць арганізацыю. Апошняя ўстаноўчая канферэнцыя аб'яднання "Рух "За свабоду" прайшла 11 лютага ў Магілёве. 72 дэлегаты – прадстаўнікі ўсіх вобласцяў Менска, аднагалосна зацвердзілі статут аб'яднання, а таксама абралі старшынём руху Аляксандра Мілінкевіча, яго намеснікамі - Віктара Карняенку і Юрася Губарэвіча. Паводле статуту, мэтай аб'яднання з'яўляецца абарона грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў у Беларусі.

Да гэтага двойчы - у ліпені і кастрычніку 2007 года - Міністэрства юстыцыі адмаўляла ў рэгістрацыі "Руху "За Свабоду". Афіцыйнымі прычынамі адмоваў былі прэтэнзіі да фармулёвак статуту, а таксама той факт, што адна з устаноўчых канферэнцый аб'яднання ладзілася з парушэннямі закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Аргкамітэт спрабаваў аспрэчыць рашэнні Мінюсту ў Вярхоўным судзе, але безвынікова.

Пры трэцяй спробе зарэгістраваць рух яго заснавальнікі паспрабавалі ўлічыць усе заўвагі Мінюсту: былі занесены неабходныя карэктывы ў статут, а таксама атрыманы афіцыйны дазвол на правядзенне ўстаноўчай канферэнцыі аб'яднання.

Дакументы на рэгістрацыю былі пададзены ў Мінюст 10 сакавіка. Згодна з заканадаўствам, міністэрства мусіла вырашыць пытанне аб рэгістрацыі на працягу месяца, аднак не зрабіла гэтага ў належны тэрмін.

Апошнія навіны