BE RU EN

У Менску затрыманыя Вячаслаў Сіўчык і Франак Вячорка

  • 23.04.2008, 14:03

Дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык па тэлефоне паведміў БелаПАН, што ён затрыманы міліцыяй у Менску перад будынкам суда Маскоўскага раёну.

Па словах палітыка, яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі з гораду Старыя Дарогі (Менская вобласць). "У мяне было прадпісанне прыбыць у міліцыю Старых Дарог 23 красавіка да 9 гадзінаў раніцы. Аднак я палічыў яго незаконным і выконваць адмовіўся, паколькі мне не паведамілі, у сувязі з чым мяне выклікаюць. Відаць, гэта звязана з крыжом, які мы ўсталёўвалі", — сказаў В. Сіўчык.

Пасля гэтага В. Сіўчык паведаміў, што не можа больш гаварыць, і сувязь з ім перарвалася.

Прадстаўнік рэспубліканскага грамадскага аб’яднання "Беларуская добраахвотная супольнасць аховы помнікаў гісторыі і культуры" (мемарыяльнае аддзяленне якога ўзначальвае В. Сіўчык) Антон Астаповіч паведаміў БелаПАН, што гэты інцыдэнт можа быць звязаны з усталяваннем 19 красавіка мемарыяльнага крыжа ў вёсцы Дражно Старадарожскага раёну ў памяць аб мірных жыхарах, знішчаных партызанамі 15 красавіка 1943 году. Шасціканцовы крыж святой Ефрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі, усталяваны побач з каталіцкімі могілкамі вёскі, частка якой была спаленая, а многія жыхары — забітыя ці спаленыя партызанамі ў сваіх хатах.

У адкрыцці знака ўдзельнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку жыхары вёскі і сведкі трагедыі. Перад пачаткам усталявання крыжа да могілак пад’ехалі прадстаўнікі мясцовых уладаў, у тым ліку спецслужбаў, міліцыі, ідэалагічнага аддзелу Старадарожскага райвыканкаму, якія спрабавалі перашкаджаць усталяванню знака. Аднак цырымонія яго адкрыцця ўсё ж адбылася.

Сёння жа ў Менску каля сярэдняй школы № 189 па вуліцы Гараўца быў затрыманы моладзевы актывіст Франак Вячорка.

Як паведаміў Ф.Вячорка БелаПАН, ён накіроўваўся у школу па запрашэнні настаўніка, каб правесці ўрок — распавесці аб журналістыцы. Падазрэнні супрацоўнікаў праваахоўчых органаў выклікалі дакументы актывіста.

Апошнія навіны