Улады вырашылі адрамантаваць дарогі за кошт апазіцыі
- 23.04.2008, 18:26
Суд Савецкага раёну Менску 23 красавіка абавязаў заяўнікаў Еўрапейскага маршу выплаціць 2,1 млн. рублёў на карысць УП «Горрамаўтадор Менгарвыканкама»
Вулічная акцыя апазіцыі «Еўрапейскі марш» адбылася ў Менску 14 красавіка 2007 года. 25 лютага 2008 года суд правёў першае паседжанне па іску УП «Горрамаўтадор Менгарвыканкама». Прадпрыемства патрабавала ад заяўнікаў Еўрапейскага маршу кампенсаваць выдаткі на прыбіранне вуліцаў сталіцы пасля акцыі памерам у 2 млн. 135 тыс. 974 рублёў.
23 красавіка суд сваім рашэннем поўнасцю задаволіў патрабаванні ісца і пастанавіў спагнаць патрабаваную суму салідарна з заяўнікаў — лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча і Вінцука Вячоркі, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і моладзевых лідэраў Зміцера Хведарука і Яўгена Афнагеля.
«Пад час судовага разгляду не прагучала ні аднаго доказу таго, што «Горрамаўтадор» панёс дадатковыя выдаткі па прыбіранні і вывазе смецця», — заявіў БелаПАН Лябедзька.
Па ягоных словах, рашэнне суду «стварае небяспечны прэцэдэнт». «Улада радыкалізуе частку грамадства. Зараз проста губляецца сэнс намагацца ў прававым полі рэалізаваць канстытуцыйныя правы грамадзянаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Людзі перастануць звяртацца да ўладаў за дазволам аб правядзенні вулічных акцыяў, ніхто не будзе браць адказнасць за іх паводзіны. Як вынік, акцыі стануць больш радыкальнымі», — ліча палітык.
Лябедзька паведаміў, што такога кшталту іскі заяўнікаў вулічных акцыяў выдалі яшчэ сем арганізацыяў Менску.