BE RU EN

«Калі Лукашэнка звярнуўся да Тымаці Бэла, значыць у яго паўсталі сур'ёзныя праблемы»

  • 24.04.2008, 9:29

Дырэктар лонданскага піяр-агенцтва "Ідэя-22" Вальтар Ксешынскі прыкінуў, чым, на яго погляд, можа дапамагчы іміджу Лукашэнкі Тымаці Бэл.

- Вы дарма іранізуеце з нагоды талентаў лорда Бэла, - такімі словамі сустрэў мяне Вальтар Ксешынскі. - Так, ён не можа прыдумаць удалы слоган ці напісаць прыгожы рэкламны артыкул - для гэтага ў ягонай кампаніі наймаюцца журналісты. Галоўная яго вартасць - сувязі ў істэблішменце, з дапамогай якіх ён здольны "разруліць" праблему любой складанасці. Ёсць такое паняцце "крызісны мэнэджар". Калі кампанія церпіць бедства, не можа выблытацца з праблемаў, наймаюць крызіс-мэнэджара, які, як лоцман - карабель, выводзіць фірму з крызісу з мінімальнымі стратамі. Дык вось, лорд Бэл - менавіта такі крызісны піяр-мэнэджар. Гэткі піяр-лоцман, дасведчаны, як выцягнуць кліента з "Бярмудскага трыкутніка" праблемаў. Ён ведае, каму затэлефанаваць, каб прыляцеў "верталёт з ратавальнікамі".

- Кажуць, Бэл ратаваў рэпутацыю сына Маргарэт Тэтчэр?

- Пару гадоў таму Марк Тэтчэр наняў групу былых афіцэраў Савецкага войска для звяржэння ўлады ў Экватарыяльнай Гвінеі. "Жалезная ледзі" была ў шоку. І там ужо не вялося пра "паляпшэнне рэпутацыі" Марка Тэтчэра... Якая да халеры рэпутацыя ў чалавека, які планаваў вайсковы пераварот у суверэннай дзяржаве! Нягоднік і авантурыст! Але для Маргарэт Тэтчэр як для маці важна было ўратаваць жыццё сына. Не апошнюю ролю адыграў у гэтым лорд Бэл. У выніку Марк пазбег суду і заслужанага пакарання, шчасліва паляцеў у ЗША да жонкі і дзяцей. Кошт гэтага пагаднення з уладамі ПАР, вядома, не агучваўся, але ясна, што гэта не 100.000 даляраў закладу, пад які Марк быў выпушчаны з турмы...

Яшчэ адзін прыклад - карупцыйны скандал вакол пастаўкі ўзбраення фірмай "БАЕ-сістэмс" для войска Саудаўскай Аравіі. Брытанцаў абвінавацілі ў подкупе саудаўскіх чыноўнікаў. Пад пагрозай апынуўся кантракт на суму ў 7 млрд фунтаў! І хто, як вы думаеце, ратаваў гэты кантракт, гасіў скандал, які, ясная рэч, сур'ёзна падрываў рэпутацыю кампаніі БАЕ? Вядома, лорд Бэл. Праўда, яго пасля абвінавацілі ў карупцыі... Але гэта ўжо дробязі. Галоўнае - вынік. А пераможцаў не судзяць...

- Нядаўна Бэл вёў перамовы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пра паляпшэнне іміджу Беларусі. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

- Я не вельмі дасведчаны аб сітуацыі ў Беларусі. Але калі прэзідэнт Лукашэнка звярнуўся да лорда Бэла, значыць, у яго ўзніклі сур'ёзныя праблемы, з якімі без такога крызіс-мэнэджара, як Бэл, не даць рады...

- А калі б прэзідэнт звярнуўся да вас?

- Што вы! У мяне, як у піяр-адмыслоўца, не тая "вагавая катэгорыя". Вы зразумейце, у такой справе важны не ўдала падабраны слоган, не серыя бліскучых артыкулаў у газетах, а пэўныя сувязі з уплывовымі людзьмі, якія могуць "палепшыць" рэпутацыю вашага прэзідэнта. А гэта ўжо цалкам іншае піяр-вымярэнне...

- Тады давайце пафантазіюем! Уявім, што я - прэзідэнт маленькай выспавай дзяржавы, ніхто мяне не любіць, Еўропа не разумее, абзывае "дыктатарам" і не жадае сябраваць... Я прыйшоў да вас з просьбай аб дапамозе…

- Прэзідэнты дзеляцца на "выязных" і "невыязных". Ад гэтага "статусу" залежаць формы і метады піяр-кампаніі.

- Давайце разгледзім абодва варыянты.

- З "выязным" працаваць прасцей. Нават калі вас не жадаюць запрашаць афіцыйныя ўлады, заўсёды можна знайсці нагоду для неафіцыйнага візіту. Вас можа запрасіць якая-небудзь грамадская арганізацыя ці дэпутат парламента, прадстаўнік палаты лордаў. Да прыкладу, мэр Лондану Кен Лівінстан такім чынам запрашаў "гнанага" прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавэса, якога ніхто не хацеў бачыць у Лондане. Але Лівінстан увогуле любіць эпатаж і стала ідзе на канфрантацыю з Кабінетам міністраў і нават думкай Букінгемскага палацу...

Далей, ведаючы, якога кшталту праблемы вам трэба вырашыць, мы ладзім серыю імпрэзаў, дзе вы можаце засвяціцца, а ў кулуарах - сустрэцца і "перацерці" пытанні з "патрэбнымі "людзьмі. Гэта можа быць "круглы стол" на абстрактную тэму, званая вячэра ў доме прынца Майкла Кентскага ці дабрачынны вечар Гарбачоў-фонду. На такога роду імпрэзах няма выпадкова запрошаных людзей. І арганізацыя такіх сустрэч добра аплачваецца зацікаўленымі людзьмі...

- А калі я "невыязны"?

- Тады можна ўжыць "схему Садама Хусейна", пра якую нядаўна пісалі амерыканскія газеты. Схема была распрацавана для заваёвы сімпатыі і падтрымкі Захаду. Пасярэднікі, пад прыкрыццём шыльдаў гуманітарных арганізацый, вышуквалі палітычных, грамадскіх дзеячоў, сяброў парламента ці кангрэса, якія, хто за грошы, хто за нешта яшчэ, згаджаліся наведаць з "неафіцыйным сяброўскім візітам" Ірак. Па задуме Хусейна, гэтыя людзі мусілі лабіяваць яго інтарэсы як бы ў абмен на ірацкую гасціннасць і пару мільёнаў барэляў нафты на памяць пра сустрэчу. Як вядома, ірацкай нафтай было "запэцкана" нямала "рэпутацый" палітычных дзеячоў розных краінаў...

У нашым выпадку я, як ваш піяр-дарадца, мушу падабраць групу палітычных і грамадскіх дзеячоў, якія пагодзяцца наведаць вашую цуда-выспу з сяброўскім візітам. Мы зладзім сустрэчу мэра вашай сталіцы з мэрам нашай. Заадно і вы прапануеце пару хвілін Кену Лівінстану. Пасля да вас у госці прыедзе стрыечны брат каралевы, прынц Майкл Кентскі, унучаты пляменнік апошняга рускага цара Мікалая Другога, ці парачка сталых лордаў, якія адышлі ад справаў, але не страцілі ўплыву. Вы зладзіце для іх паляванне ў вашых пампасах ці рыбалку, а можа, знойдзецца ўзаемавыгадны бізнэс-праект, які ўмацуе паразуменне бакоў і сяброўскія адносіны.

З дапамогай "часцейшых сяброўскіх візітаў" будзе створана бачнасць "прарыву міжнароднай ізаляцыі". Пра ўмацаванне "сяброўскіх сувязяў" з Вялікабрытаніяй будуць пісаць вашыя газеты. Серыю артыкулаў на тэму "Чунга-Чанга, цуда-востраў, жыць на ім лёгка й проста" я гарантую ў брытанскай прэсе за дадатковую плату. Галоўнае для брытанскіх газет - добрая інфармацыйная нагода. Да прыкладу, у вас на выспе ладзіцца які-небудзь фальклорны фэст?

- Так, свята ўраджаю…

- Выдатна! Для ўдзелу ў гэтым фэсце запросім Міка Джагера з "Ролінг Стоўнз"! Такім чынам мы прымусім нашыя таблоіды і гламурныя часопісы пісаць пра вашу краіну ў кантэксце ўдзелу "ролінгаў" у вашым "свяце ўраджаю"!

Адначасова з арганізацыяй візіту сэраў-пэраў і рок-зорак будзем ладзіць у Лондане "нефармальныя" закулісныя сустрэчы з рознакалібернымі палітычнымі дзеячамі, каб выклікаць у іх адну думку: вы - выдатны чалавек і вялікі дзяяч, але да вас ставяцца неаб'ектыўна і перадузята. А трэба, як некалі Буш на сустрэчы з Пуціным: "Я зазірнуў яму ў вочы і ўбачыў яго душу". Увогуле, мы прымусім іх убачыць вашу душу і адмяніць санкцыі...

- І колькі будзе каштаваць такое задавальненне?

- Кошт дамоўны. Да таго ж, улічыце, вы плаціце піяр-агенцтву, як пасярэдніку і арганізатару кампаніі па паляпшэнні рэпутацыі. А трэба будзе разлічвацца і з тымі палітыкамі, якія пагодзяцца дапамагчы "палепшыць рэпутацыю".

- Са мной ясна. А якім чынам можна палепшыць імідж дзяржавы?

- А вы можаце назваць дзяржаву з кепскім іміджам? Возьмем, да прыкладу, Кубу. Які ў яе імідж? Спытайце ў мінакоў на лонданскіх вуліцах. Упэўнены, усё скажуць: дзівосныя пяшчаныя пляжы, цёплае мора, панадлівыя мулаткі, цыгары. У чым праблема? Імідж Кубы псуе толькі "рэжым братоў Кастра", якія ператварылі філіял рая на зямлі ў камуністычнае гета! Мне вам тлумачыць, як у гэтай сітуацыі палепшыць імідж Кубы? Тут і дурню, а не тое што лорду, зразумела!

- Ці ёсць, на ваш погляд, імідж у Беларусі і які ён?

- Шчыра кажучы, у Вялікабрытаніі не надта шмат людзей увогуле ведаюць, што ёсць такая дзяржава на змененай мапе СССР. Акрамя хіба палітыкаў, супрацоўнікаў Міністэрства замежных справаў і праваабарончых арганізацый. І яшчэ дабрачынных арганізацый, якія займаюцца аздараўленнем дзяцей з Чарнобыльскай зоны. У свой час я таксама супрацоўнічаў з адной з такіх арганізацый. Дык вось для мяне імідж Беларусі - гэта дзеці з Чарнобыльскай зоны, што выклікаюць спагаду. Гэтая чалавечая спагада праецыюецца і на Беларусь. Ніякага негатыву ў кантэксце Беларусі ў заходнееўрапейскага абывацеля няма. А сімвалам Беларусі для мяне стаў хлопчык Ігар, які нарадзіўся пасля чарнобыльскай катастрофы без ручак і ножак... Яго фатаграфія абыйшла ўсе заходнееўрапейскія газеты і ўразіла людзей! Менавіта гэтая фатаграфія падштурхнула мяне да ўдзелу ў праграме дапамогі беларускім дзецям - ахвярам Чарнобыля.

- Прызнацца, я не разумею, як лорд Бэл збіраецца "палепшыць імідж" нашай краіны.

- Ну, краіна яму да лямпачкі! Бо замоўца - не народ Беларусі...

Яўген СУЛЫГА, адмыслова для "Народнай волі"

Апошнія навіны