BE RU EN

Дзяцей не выпускалі з менскіх садкоў на вуліцы з-за аварыі на АЭС?

  • 24.04.2008, 13:01

Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі'97 бацькі дзяцей менскага дзіцячага садка №111, учора іх малых не выпускалі на вуліцу на шпацыр.

Выхавальніцы паведамілі бацькам, што гэта распараджэнне загадчыцы, якой у сваю чаргу паступіў званок "зверху".

Дакладная прычына такога рашэння невядома, але супрацоўнікі дзіцячага садка кажуць, што гэта можа быць звязана з аварыяй на АЭС адной з суседніх з Беларуссю краінаў.

Загадчыца менскага дзіцячага садка №111 Віялета Какорына паведаміла прэс-цэнтру Хартыі'97, што ўчора ў садок прыйшла тэлефанаграма з Упраўлення адукацыі Савецкага раёна з просьбай не выводзіць дзяцей на шпацыр і не адчыняць форткі.

"Нам паступіла тэлефанаграма з Упраўлення адукацыі Савецкага раёна аб тым, што абвешчана штармавое папярэджанне. Нас прасілі не выпускаць дзяцей на вуліцы і не адчыняць форткі. Аб аварыі на АЭС нам нічога сказана не было. Вядома, што такія распараджэнні былі дадзены іншым дзіцячым садкам", -- сказала загадчыца.

Тым часам, прадстаўнікі міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, а таксама дырэкцыяў Смаленскай (Расея) і Ігналінскай (Літва) АЭС аспрэчылі ў тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам "Інтэрфаксу" чутку пра выкід радыёактыўных рэчываў або пра падвышэнне фону радыяцыі, распаўсюджаныя шэрагам электронных СМІ.

У прыёмнай дырэктара Смаленскай АЭС (у горадзе Дзяснагорску) "Інтэрфаксу" заявілі: "Ніякіх выкідаў на станцыі не было. Упершыню ад вас пра гэта чуем. Праца ідзе штатным парадкам, узровень радыяцыі на самой станцыі складае 0,19 мікразівертаў у гадзіну (мкЗв/г) пры норме 2,5 мкЗв/г".

У дырэкцыі Ігналінскай АЭС запэўнілі, што ніякіх выкідаў на станцыі не было і радыяцыйны фон на самім аб'екце і вакол яго знаходзіцца ў норме.

"Сёння было дзевяць званкоў", - распавёў "Інтэрфаксу" прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі. "У сямі выпадках нас пыталі, што здарылася на Ігналінскай АЭС, адзін раз - што стрэслася ў "Хвоях" (Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - "Хвоі" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - ІФ), і адзін - пра Смаленскую АЭС", - паведаміў прэс - сакратар МНС.

"Радыёлагічнае становішча ў Беларусі стабільнае і без зменаў, радыяцыйны фон у Менску ў норме і складае 0,1мкЗв/г (максімум нормы 0,2 мкЗв\г)", - паведаміў "Інтэрфаксу" дзяжурны спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра радыёлагічнага кантролю.

Апошнія навіны