BE RU EN

«Газпром» плануе «удасканальваць» формулу кошту на газ для Беларусі

  • 24.04.2008, 10:53

23 красавіка савет дырэктараў ААТ "Газпром" ухваліў працу кампаніі па паэтапным давядзенні коштаў на прыродны газ, пастаўляны ў краіны СНД і Балтыі, да ўзроўня, які склаўся на еўрапейскім рынку і адлюстроўвае спажывецкія ўласцівасці газу.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на ўпраўленне інфармацыі ААТ "Газпром".

Кіраўніцтву кампаніі даручана працягнуць працу па ўдасканаленні коштаўтварэння на газ для гэтых дзяржаваў, у тым ліку па здзяйсненні рынкавых падыходаў.

У даведцы, апублікаванай упраўленнем інфармацыі, пазначаны асноўныя падыходы кампаніі да фармавання коштавай палітыкі "Газпрому" у дачыненні да краінаў СНД і Балтыі пры пастаўках расейскага і цэнтральнаазіяцкага прыроднага газу. Гэта - паэтапны пераход да рынкавых коштаў на газ, які прадугледжвае паслядоўнае давядзенне коштаў да эканамічна абгрунтаванага ўзроўня, адпаведнага спажывецкім ўласцівасцям газу; улік міждзяржаўных дамоўленасцяў з краінамі - імпарцёрамі газу пры фармаванні ўмоваў кантрактаў з контрагентамі; размежаванне кантрактаў па відах бізнэсу: купля-продаж і транспартаванне прыроднага газу.

Рэалізацыя коштавай палітыкі дазволіла "Газпрому" дасягнуць значных вынікаў, адзначаюць у кампаніі. Так, у 2007 годзе была скончана змена дамоўнай базы ў частцы прызначэння рынкавага ўзроўня коштаў на газ па кампаніях-імпарцёрах краінаў Балтыі.

31 снежня 2006 года ААТ "Газпром" і ААТ "Белтрансгаз" падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт газу ў 2007-2011 гадах. Дакументам вызначана формула кошту з 1 студзеня 2008 года (адпаведная формуле кошту пры пастаўках расейскага газу ў Еўропу), а таксама паніжальныя каэфіцыенты кошту на 2008-2010 гады (0,67, 0,8 і 0,9 адпаведна).

З 2011 года Беларусь, як і прамысловыя спажыўцы Расеі, выйдзе на ўзровень кошту на газ, роўнапрыбыткавага з пастаўкамі ў Еўропу. Пачынаючы з 2006 года размежаваны кантракты на пастаўку газу ва Украіну і транзіт па яе тэрыторыі, пры гэтым кантракт на пастаўку расейскага газу заключаны па еўрапейскіх коштах. Вядуцца перамовы пра кошт паставак сярэднеазіяцкага газу ў 2009-2011 гадах.

У цэлым дзеянні ААТ "Газпром" на газавых рынках краінаў блізкага замежжа вядуць да істотнага павелічэння выручкі ад рэалізацыі газу, росту падатковых паступленняў у бюджэт. За перыяд 2005-2007 гадоў сярэднеўзважаны кошт расейскага прыроднага газу для краінаў СНД і Балтыі ўзняўся ў 2,3 разы (для далёкага замежжа - у 1,4 разы).

Апошнія навіны