Загадчыца дзіцячага садка №111: «Нам паступіла тэлефанаграма не выпускаць дзяцей і не адчыняць форткі»
- 24.04.2008, 11:15
Загадчыца менскага дзіцячага садка №111 Віялета Какорына паведаміла прэс-цэнтру Хартыі'97, што ўчора ў садок прыйшла тэлефанаграма з Упраўлення адукацыі Савецкага раёна з просьбай не выводзіць дзяцей на шпацыр і не адчыняць форткі.
"Нам паступіла тэлефанаграма з Упраўлення адукацыі Савецкага раёна аб тым, што абвешчана штармавое папярэджанне. Нас прасілі не выпускаць дзяцей на вуліцы і не адчыняць форткі. Аб аварыі на АЭС нам сказана нічога не было. Вядома, што такія распараджэнні былі дадзены іншым дзіцячым садкам", -- сказала загадчыца.
Нагадаем, што ў Менску апошнім часам ходзяць чуткі пра аварыю на АЭС адной з суседніх з Беларуссю краінаў. Тым часам, прадстаўнікі міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, а таксама дырэкцыяў Смаленскай (Расея) і Ігналінскай (Літва) АЭС аспрэчылі гэтую інфармацыю.
"Радыёлагічнае становішча ў Беларусі стабільнае і без зменаў, радыяцыйны фон у Менску ў норме і складае 0,1мкЗв/г (максімум нормы 0,2 мкЗв/г)", - паведаміў "Інтэрфаксу" дзяжурны спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра радыёлагічнага кантролю.