BE RU EN

Улады рыхтуюць чарговую фальсіфікацыю выбараў?

  • 24.04.2008, 15:10

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла сёння аб «нездзяйсняльнасці» прапановаў дэмакратычных сілаў па правядзенні парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца восенню.

«Калі ўлады не прымуць прапановы апазіцыі па правядзенні выбараў у парламент, значыць, рыхтуецца чарговая фальсіфікацыя іх вынікаў», -- заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

«З’яўленне новых палітзняволеных у Беларусі, разгон дэманстрацыі 25 сакавіка, атакі на незалежных журналістаў, павелічэнне платы за арэнду памяшканняў для няўрадавых арганізацыяў у дзесяць разоў – усё гэта кажа аб тым, што рэжым Лукашэнкі вырашыў пайсці на адкрытую канфрантацыю, і не намераны прыслухоўвацца да меркавання Захаду», лічыць Віктар Івашкевіч.

«Прапанова апазіцыі – гэта мінімум таго, што магло быць. Мы нават не ставілі пытання аб змене выбарчага заканадаўства. Гэта інструкцыі, якія лёгка выканаць. І яны поўнасцю знаходзяцца ў кампетэнцыі Ярмошынай. Але калі такога жадання няма, то, значыць, узяты курс уладаў на адкрытую канфрантацыю з усім цывілізаваным светам», -- лічыць Івашкевіч.

Намеснік старшыні Партыі БНФ нагадаў, што дэмакраты прапаноўвалі ўладам дапусціць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі, даць магчымасць незалежным назіральнікам прысутнічаць пры падліку бюлетэняў, надаць усім кандыдатам роўныя магчымасці выступу ў дзяржаўных СМІ.

«Галоўнае – каб нас дапусцілі да падліку галасоў. Але калі ўлады не захочуць дапускаць да падліку галасоў, відаць, зноў рыхтуюцца фальсіфікацыі», -- лічыць Івашкевіч.

Апошнія навіны