BE RU EN

Заяўцаў «Чарнобыльскага шляху» папярэдзілі ў пракуратуры

  • 25.04.2008, 8:28

З сябрамі аргкамітэта па правядзенні "Чарнобыльскага шляху" зладзілі прафілактычную гутарку ў пракуратуры Менска.

Пра гэта паведаміў БелаПАН адзін з прадстаўнікоў аргкамітэта "Чарнобыльскага шляху" намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч.

Па ягоных словах, у кабінеце, дзе праходзіла сустрэча, былі тры тэлекамеры беларускіх тэлеканалаў. Прадстаўнікі аргкамітэта заявілі, што адмаўляюцца ад сустрэчы ў прысутнасці тэлекамераў, і здымачным групам давялося пайсці.

Як адзначыў І.Рынкевіч, "прафілактычная гутарка" праходзіла спакойна. "Пракурор Менска Мікалай Кулік і яго намеснік Аляксей Стук зачыталі нам вытрымкі з законаў, рэгламентуючыя правядзенне масавых акцый, і прапанавалі падпісаць афіцыйнае папярэджанне аб правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Зразумела, ніхто гэтыя папярэджанні не падпісаў. Я паведаміў, што такую паперу ўжо падпісваў у ГУУС Мінгарвыканкаму і гэтага больш чым дастаткова", - заявіў І.Рынкевіч.

Па ягоных словах, прадстаўнікі пракуратуры паінфармаваны аб выніках сённяшніх сустрэчаў заяўцаў акцыі ў ГУУС і адміністрацыі Савецкага раёна Менска. "Нас настойліва прасілі, каб мы падчас акцыі не чынілі супрацьпраўных дзеянняў. У адказ мы таксама папрасілі, каб супрацьпраўных дзеянняў не чынілі супрацоўнікі міліцыі", - сказаў І.Рынкевіч.

"Таксама мы запэўнілі супрацоўнікаў пракуратуры, што збіраемся падтрымліваць парадак падчас мітынгу і шэсця сваімі сіламі і прыцягваць міліцыю толькі ў выпадку пільнай патрэбы", - адзначыў прадстаўнік аргкамітэта.

Нагадаем, арганізатары "Чарнобыльскага шляху - 2008" плануюць сабраць удзельнікаў акцыі ў 14.00 26 красавіка каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пасля гэтага – прайсці па вуліцы Сурганава да храма-помніка ў гонар абраза Божай Маці "Спагнанне загінулых" на скрыжаванні вуліц Карастаянавай і Арлоўскай. Каля царквы будзе абвешчана хвіліна маўчання.

Апошнія навіны