BE RU EN

Віцэ-прэм'ер Касінец: «Я што, спадарожнікі здыму з арбіты?»

  • 25.04.2008, 8:54

Віцэ-прэм'ер Аляксандр Касінец прыйшоў у "парламент" распавесці, як змагаюцца з наступствамі аварыі ў Чарнобылі. "Дэпутаты" пагаварылі з віцэ-прэм'ерам на іншыя тэмы. У тым ліку пра спадарожнікавыя антэны.

- Я цяпер часта гляджу наша тэлебачанне, - выказалася "дэпутатка" Галіна Мазуркевіч і нагадала, што "дэпутаты" ужо жаліліся ўраду на ТБ. - Парадку 70 - 80 адсоткаў у ім усё роўна засталося - стрэлы, мардабой і сэкс… Сэкс - гэта нядрэнна, з улікам нашай дэмаграфічнай сітуацыі… Але стрэлы і мардабой - гэта не вельмі. У мяне просьба і пажаданне - давесці да канца гэтае пытанне. У разумных межах, вядома.

Віцэ-прэм'ер падышоў да адказу сур'ёзна:

- Шаноўная Галіна Аляксееўна, вось вы звярнулі ўвагу на тры нашыя каналы. Але сёння на кожным доме вісіць спадарожнікавае тэлебачанне! І віцэ-прэм'ер іх не забароніць! Нават па мабільным тэлефоне, у каго ёсць сучасныя тэхналогіі, можна глядзець, што хочаце. Па адным спадарожнікавым тэлебачанні ідзе 289 каналаў, 290 - па іншым… Я што, спадарожнікі здыму з арбіты? Але літаральна заўчора мы адпрацоўвалі праект закону аб псіхалагічнай дапамозе насельніцтву і аб народнай медыцыне… Так, сэкс па тэлефоне мы забаронім! І зробім усё, шаноўная Галіна Аляксееўна, каб яго не было.

"КП в Беларуси" пацікавілася ў Галіны Мазуркевіч, што ёй яшчэ не падабаецца на ТБ.

- Я крытычна стаўлюся да шэрагу нашых вядучых. Кіраўнік займае салідную пасаду, і весці яшчэ перадачу, трэба быць з двума віхрамі! Калі журналіст не адрываецца ад лістка паперы, гэта не лепшы варыянт! Нічога асабістага, проста пра набалелае! Вось ОНТ раскруцілі дзяўчат, конкурс "Міс Беларусь". Я ганаруся, што такія прыгожыя дзяўчаты ў нас…Але нельга так. Зрабілі з конкурсу галоўную падзею краіны! З іншага боку, файная праграма "Цудоўная пяцёрка". Я ведаю, што ў банку (яго супрацоўнікі ўдзельнікі праекту. - Рэд.) бум, на чыгунцы ўсе заўзеюць! І я гляджу!

Апошнія навіны