Намеснік дзяржсакратара ЗША: «Дзеянні Лукашэнкі ізалююць Беларусь»
- 25.04.2008, 9:13
Амерыка не збіраецца больш скарачаць штат амбасады ў Беларусі і па-ранейшаму чакае ад беларускіх уладаў вызвалення Аляксандра Казуліна. Пра гэта заявіў намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Дэвід Мэркель у інтэрвію "Еўрарадыё". На думку палітыка, нішто не можа ізаляваць Беларусь болей, чым працяг палітычных пераследаў у краіне.
-- Спадар Мэркель, пасля прызначэння на пасаду намесніка дзяржсакратара ЗША Вы ўжо паспелі наведаць Малдову. Ці збіраецеся Вы ў Беларусь?
-- Я сапраўды наведаў Малдову, а пасля і Украіну, але на гэты момант у мяне няма планаў паехаць у Беларусь.
-- Як бы Вы апісалі цяперашні стан амерыканска-беларускіх адносінаў, у час, калі амбасадар ЗША ўсё яшчэ знаходзіцца па-за межамі Беларусі, а беларускі ўрад патрабуе яшчэ болей скараціць штат дыппрадстаўніцтва?
-- Як памятаеце, улады спачатку запатрабавалі скараціць штат нашай амбасады да 17, і мы гэта зрабілі. Але затым яны беспадстаўна і неабгрунтавана запатрабавалі яшчэ большага скарачэння - да 5 ці 6 асобаў. Мы не выканалі гэтае патрабаванне, лічым яго непажаданым і ўпэўнены, што слушным першым крокам было б вяртанне нашай амбасадаркі ў Менск.
-- Наколькі адсутнасць амбасадаркі ЗША ў Менску шкодзіць дачыненням паміж нашымі краінамі?
-- Канешне ж, гэта не прыносіць карысці. Мы лічым, што можна было б мець значна больш трывалы дыялог, калі б наша амбасадарка там прысутнічала. Мы здзейснілі дадатковыя захады - у тым ліку сустрэчы тут у Брусэлі на ўзроўні амбасадараў ... але вядома, мы ўспрымаем за непажаданую просьбу скараціць штат амбасады да 5 асобаў і хочам , каб наша амбасада працавала на належным узроўні.
-- Ці змянілася стаўленне ЗША адносна санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў? Ці плануецца дадаваць нейкія новыя прадпрыемствы ў спіс, калі беларускія ўлады не выкажуць жадання супрацоўнічаць і працягнуць дзейнічаць так, як цяпер?
-- Санкцыі звязаны з сітуацыяй у галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Беларусы ведаюць, што трэба зрабіць, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок: выпусціць Аляксандра Казуліна і зрабіць канкрэтныя крокі да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека.
Калі гэта адбудзецца, мы зможам весці дыялог на вышэйшым узроўні.
Цяпер улады паставілі дадатковую перашкоду на гэтым шляху дзеяннямі супраць нашай амбасады.
Аднак любыя санкцыі будуць здзяйсняцца перш за ўсё ў адказ на агульную сітуацыю з дэмакратыяй і правамі чалавека.
-- Як у такім разе ацэньваюцца амерыканскім урадам разгон дэманстрантаў падчас акцыі 25 сакавіка і арышты тэхнікі на кватэрах незалежных журналістаў, што адбыліся пасля гэтага?
-- Вяртаючыся да пытанняў санкцыяў, важна падкрэсліць, што як толькі беларусы зробяць пэўныя крокі - выпусцяць Казуліна і здзейсняць іншыя пазітыўныя крокі па дэмакратызацыі, на якія яны пагадзіліся, - тады і мы зладзім крокі па зняццю санкцыяў.
Вядома, мы занепакоены тым, як ужывалася сіла падчас падзеяў 25 сакавіка. Гвалтоўны разгон натоўпу ў сакавіку, запужванне, а таксама скарачэнне штату нашай амбасады - я б сказаў, што гэта дадатковыя дзеянні ўладаў, якія могуць запатрабаваць адказу.
-- Сярод крокаў , якія беларускія ўлады маглі б зрабіць, каб паказаць гатовасць да дыялогу, - правядзенне свабодных парламенцкіх выбараў у верасні. Што беларускі бок мусіць зрабіць, каб паказаць, што яны рыхтуюцца больш дэмакратычна?
-- Улады запрасілі назіральнікаў ад АБСЕ на гэтыя выбары, але гэта можа быць пустым жэстам, калі не будуць выкананы фундаментальныя ўмовы. Нам трэба быць пэўнымі, што перадвыбарнае асяроддзе будзе спрыяць канкурэнцыі, што партыі змогуць поўнасцю ўдзельнічаць у выбарах і фармаванні выбарчых камісій, а незалежныя медыі змогуць свабодна асвятляць выбары.
-- Якія далейшыя захады будуць здзяйсняць ЗША і іх партнеры, каб пераканаць беларускі ўрад, што трэба ісці менавіта ў такім кірунку? Некаторыя нядаўнія крокі - такія як абмежаванне ўдзелу Беларусі ў радзе Еўраатлантычнага партнёрства - могуць, на думку экспертаў, прывесці да далейшай ізаляцыі краіны. Ці будуць такія захады здзяйсняцца і надалей?
-- Беларусь ізалююць не нашыя захады, а дзеянні прэзідэнта Лукашэнкі. Гэта трэба вельмі ясна разумець. Беларускія ўлады ведаюць, што трэба зрабіць, каб дазволіць насельніцтву поўнасцю скарыстацца перавагамі сваіх геаграфічных і культурных сувязяў з Еўропай. Я думаю, што ЗША вельмі добра працуюць у гэтай сферы з Еўразвязам. Мы ўспрынялі заяву славенскага старшынства ЕЗ па Беларусі і рашэнне працягнуць санкцыі па замарозцы актываў і візавай забароне для беларускіх чыноўнікаў як два вельмі пазітыўных крокі. Яны паказваюць, што ЗША і ЕЗ разам настойваюць на зменах у Беларусі.