Паніку з-за падвышанай радыяцыі ў Беларусі ўзнялі школьнікі? (Відэа)
- Глеб Лабадзенка, «КП в Беларуси»
- 25.04.2008, 11:17
Менчукі ўжо трэці дзень з вуха на вуха пераказваюць чутку пра аварыю на нейкай атамнай станцыі і падвышаны ўзровень радыяцыі ў горадзе.
- Вы ўжо двухсоты чалавек, які пра гэта пытае! – ускліквае Ігар Альшэўскі, загаддзелам радыяцыйнай гігіены Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Пасля моўчкі берэ у рукі дазіметр коштам у 2,5 тысячы даляраў, і мы ідзем на вуліцу.
На ганку гарадской санстанцыі на вул. Броўкі прыбор паказвае 9,5 мікрарэнтгенаў у гадзіну.
- Найбольш дапушчальная норма на вуліцы - 20 мікрарэнтгенаў, у жылых будынках - да 40, - каментуе Альшэўскі. Ідзем да Нацыянальнай Акадэміі навук.
- Я нядаўна ляцеў у Маскву, наўмысна ўзяў з сабой дазіметр, - кажа па дарозе Ігар Андрэевіч. - На вышыні 10 тысяч метраў прыбор паказаў 180 мікрарэнтгенаў!
Каля будынка Акадэміі навук паказвае ўсяго 8,5. Ідзем на плошчу Якуба Коласа. На назе бронзавага класіка радыяцыі яшчэ менш - 7,7 мікрарэнтгенаў у гадзіну.
- Калі пасля Чарнобыля сушаныя грыбочкі прынеслі з забруджаных, дык там 16 тысяч было! – згадвае Альшэўскі. - Таму я заўсёды нагадваю, што спраўдзіць любыя прадукты на прадмет радыяцыі можна ў санстанцыі па месцы жыхарства бясплатна!
На Кастрычніцкай плошчы прыбор паказаў увогуле 7,0. А ў машыне па дарозе ў рэдакцыю - 6,4.
- І такія замеры здзяйсняюцца штодня! - кажа Ігар Альшэўскі, выключаючы дазіметр. - Увогуле, я лічу, гэта вельмі добра, што людзей хвалюе пытанне радыяцыі. Галоўнае, каб трывога заўсёды аказвалася памылковай…
Як нарадзіліся чуткі пра аварыю на АЭС?
- У гэтыя дні МНС Першамайскага раёна сталіцы ладзіць планавыя комплексныя вучэнні, яны праходзяць па плане раз на пяць гадоў, - кажа Аляксей Задзярэй, намначальніка цэнтра прапаганды пры Менскім гарадскім кіраванні МНС. - І сярод іншых сітуацый у школе і дзіцячым садку мадэляваліся сітуацыя выкіду радыяцыі на Ігналінскай АЭС. З педагогамі і кіраўніцтвам адпрацоўваўся выразны план дзеянняў на выпадак такога НЗ. А паколькі здзяйснялася ўсё максімальна "як у жыцці", дзеці і пачалі пераказваць адзін аднаму пра "выбух на літоўскай атамнай станцыі"!..
Чаму менчукоў не папярэдзілі пра вучэнні?
Папярэдзілі. Інфармацыю размясцілі на сайце Мінгарвыканкама і пераказвалі ў навінах па радыё. Але гэта не дапамагло. Зараз МНС звярнулася да FM-радыёстанцыяў з просьбай казаць пра памылковую трывогу мінімум пяць разоў на дзень у навінавых блоках. Каб кожны дакладна пачуў.
БУДЗЬ У КУРСЕ!
Беларусь атачаюць чатыры атамныя станцыі: Ігналінская ў Літве, Смаленская ў Расеі, Ровенская і Чарнобыльская ва Украіне. У гэтых раёнах на нашай мяжы ўсталяваны сучасныя аўтаматызаваныя пасты, якія перадаюць інфармацыю пра радыяцыйны фон у рэжыме рэальнага часу.
СКАЗАНА!
"Чамусьці, кажучы пра патэнцыйную небяспеку АЭС, мы забываем пра іншыя небяспечныя вытворчасці... Усе нашы халадзільныя магутнасці, напрыклад холадакамбінаты, працуюць на аміяку… Улетку 1986 года ехалі праз Калінкавічы і адчулі пах аміяку. Высветлілі - быў прарыў трубаправода з аміякам. Яго своечасова ліквідавалі, але калі б аміячнае воблака накрыла Калінкавічы - ахвяр было б больш, чым у Чарнобылі".
(Старшыня Нацкамісіі па радыяцыйнай абароне пры Саўміне Якаў КЕНІГСБЕРГ, 21 красавіка, у інтэрвію "Інтэрфаксу".)