Генпракурор запатрабаваў разабрацца з коткамі і сабакамі
- 25.04.2008, 13:14
Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч запатрабаваў ад міністэрства ЖКГ скасаваць парушэнні заканадаўства аб утрыманні свойскіх котак і сабак.
Генеральная пракуратура зладзіла праверку, па выніках якой выявіла шэраг парушэнняў ва ўтрыманні сабак і котак грамадзянамі Беларусі.
"Па выніках праверкі генпракурорам занесена паданне міністру жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзіміру Белахвоставу з патрабаваннем скасаваць парушэнні заканадаўства аб утрыманні свойскіх котак і сабак", - растлумачылі ў Генпракуратуры.
Таксама Рыгор Васілевіч запатрабаваў палепшыць прафілактычную працу з боку жыллёва-эксплуатацыйных службаў, правесці мерапрыемствы па будаўніцтве і ўладкаванню пляцовак для выгулу сабак, здзейсніць арганізацыйныя і практычныя захады, скіраваныя на спыненне фактаў выгулу сабак з парушэннем вызначаных правіл, адзначылі ў Генпракуратуры, паведамляе «Тэлеграф».
У Генпракуратуры паведамілі, што ў 2007 годзе ў органы аховы здароўя ў сувязі з укусамі, нанясеннем драпінаў і іншых целавых пашкоджанняў свойскімі і дзікімі жывёламі звярнулася 24,5 тысяч грамадзян, у тым ліку больш за тысячу пацярпелі ад жывёлаў, заражаных шаленствам.
У суды паступіла ўсяго 25 іскаў аб пакрыцці шкоды ад укусаў сабак, з іх чатыры - у сувязі з укусамі непаўнагадовых", - паведамілі ў Генпракуратуры, адзначыўшы, што нязначная колькасць іскаў гэтай катэгорыі абумоўлена нізкай прававой дасведчанасцю насельніцтва пра магчымасць спагнання шкоды судовым парадкам.