BE RU EN

«Кампенсацыя» за Эўрапейскі марш вырасла да 6 мільёнаў рублёў

  • 25.04.2008, 18:09

За Эўрапейскі марш з заяўнікоў патрабуюць ужо агулам 5 мільёнаў 600 тысяч рублёў. Але на пачатку траўня Савецкі суд разгледзіць яшчэ 6 пазоваў ад розных гарадзкіх арганізацый.

Савецкі суд Менску вырашыў спагнаць з заяўнікаў Эўрапейскага маршу агулам больш за тры з паловай мільёны рублёў. Такую суму запатрабавалі ў якасьці кампэнсацыі ўрону гарадзкія прадпрыемствы “Менскзеленбуд” і “Рэмаўтадар” Савецкага і Першамайскага раёнаў.

Паводле “Менскзеленбуду”, дэманстранты 14 кастрычніка патапталі газон, зламалі ліпу і хмызьнякі. Урон ацэнены ў 1 мільён 400 тысяч рублёў. Судзьдзя задаволіла пазоў цалкам, паведамляе «Радыё Свабода».

Прадпрыемствы “Рэмаўтадар” Савецкага і Першамайскага раёнаў запатрабавалі, каб заяўнікі Эўрапейскага маршу заплацілі за нанесены ўрон больш як 2 мільёны 100 тысяч рублёў. Бо, каб прыбраць тэрыторыю пасьля акцыі, нібыта прыцягваліся дадатковыя сілы і тэхніка, давялося зьдзіраць налепкі, выкарыстоўваліся 10 біятуалетаў. Улічылі нават прэміяльныя для прыбіральшчыкаў. Пазоў таксама быў задаволены.

Нагадаем, раней суд задаволіў аналягічны пазоў “Гаррэмаўтадара” Менгарвыканкаму. З улікам сёньняшніх рашэньняў агульная сума кампэнсацыі дасягнула амаль 5 мільёнаў 600 тысяч. На пачатку траўня Савецкі суд разгледзіць яшчэ 6 такіх пазоваў ад гарадзкіх арганізацый.

Чаму так позна ўлады згадалі пра акцыю, якая адбылася ў мінулым годзе?

Прадстаўнік “Рэмаўтадару” Савецкага раёну Іван Аскерка кажа, што можна было ўзгадаць і яшчэ пазьней. “Афіцыйны тэрмін — тры гады. Так што гэта не праблема. Раней у нас такіх справаў не было і неабходнасьці не было”.

Але ці можа апазыцыя сплаціць гэтыя грошы? Спадар Аскерка мяркуе, што гэта зусім невялікая сума, калі падзяліць на ўсіх фігурантаў справы. “Яны ўсё ж такі прадстаўнікі арганізацый. Так што, я думаю, змогуць аплаціць. Тым больш, што па справе праходзіць шэсьць чалавек і для кожнага гэтая сума будзе вельмі невялікая”.

Разгляд справаў адбываўся без удзелу адказьнікаў — Аляксандра Мілінкевіча, Віктара Івашкевіча, Вінцука Вячоркі, Анатоля Лябедзькі, Зьмітра Хведарука і Яўгена Афнагеля. Але яны лічаць прэтэнзіі цалкам беспадстаўнымі.

Анатоль Лябедзька называе гэта працягам рэпрэсіўнай палітыкі адносна апазыцыі.

“Будуць зараз біць па апазыцыі ня толькі турмой, але і матэрыяльнымі штрафамі, якія будуць узрастаць. Пакуль я не зьбіраюся плаціць, але калі будуць штурмаваць кватэру судовыя выканаўцы, то нешта давядзецца рабіць”.

Адзін з адказьнікаў Віктар Івашкевіч сказаў, што рашэньні будуць абскарджвацца, але сплачваць грошы давядзецца. “Мы ж ня можам дапусьціць, каб заяўнікі былі невыязныя зь Беларусі. Я лічу, што гэта лукашэнкаўскі наступ. Яны вырашылі паказаць зубы міжнароднай супольнасьці. Няхай паказваюць. Можа, таму, што яны вырашылі паказаць гэтыя зубы, ім іх хутка і павыбіваюць”.

Апошнія навіны