BE RU EN

Міністэрства аховы здароўя і «палатка» супраць клятвы Гіпакрата

  • 28.04.2008, 10:23

У 1948 годзе Генеральная Асамблея Сусветнай медыцынскай асацыяцыі ўхваліла Жэнеўскую дэкларацыю, у якой змешчана сучасная рэдакцыя клятвы Гіпакрата - агульнаўжывальная назва прысягі, якая прыносіцца кожным, хто мае намер стаць медыкам.

БДГ on-line прыводзіць яе поўны тэкст: "Я урачыста клянуся прысвяціць сваё жыццё служэнню чалавецтву. Я ўшаную маіх настаўнікаў належнай павагай і падзякай; я годна і сумленна буду здзяйсняць свае прафесійныя абавязкі; здароўе майго пацыента будзе асноўным маім клопатам; я буду паважаць давераныя мне таямніцы; я ўсімі сродкамі, што ў маёй уладзе, буду падтрымліваць гонар высакароднай традыцыі прафесіі лекара; да сваіх калегаў я буду ставіцца як да братоў; я не дазволю, каб рэлігійныя, нацыянальныя, расавыя, палітычныя ці сацыяльныя матывы перашкодзілі мне выканаць свой абавязак адносна пацыента; я буду мець найглыбокую павагу да чалавечага жыцця, з моманту зачацця; нават пад пагрозай я не буду ўжываць свае веды супраць законаў людскасці. Я абяцаю гэта ўрачыста, добраахвотна і чыстасардэчна".

24 красавіка на пашыраным паседжанні сталай камісіі "савета рэспублікі" па дэмаграфічнай бяспецы і сацыяльным развіцці пры абмеркаванні новай рэдакцыі закона "Аб ахове здароўя" першы намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць распавёў, што ў яго ўключана "Клятва лекара Рэспублікі Беларусь".

Чым жа не даспадобы стала Міністэрству аховы здароўя і "парламентарыям" прысяга, першапачатковы варыянт якой быў напісаны вялікім Гіпакратам у V стагоддзі да нашай эры на іянійскім дыялекце старажытнагрэцкай мовы? Дарэчы, галоўныя ідэі клятвы Гіпакрата былі запісаны і ў прысязе лекара СССР, зацверджанай у 1971 годзе.

Па словах Р.Часнойця, прынцыпы маральнай адказнасці медыцынскага работніка, змешчаныя ў клятве Гіпакрата, "сёння не зусім адпавядаюць духу часу".

Цяжка прадставіць, як "дух часу" паўплываў на асноўны абавязак кожнага медыцынскага работніка - "усё веды і сілы прысвяціць ахове і паляпшэнню здароўя чалавека, лячэнню і папярэджанню захворванняў".

А пакуль у планах "палаты прадстаўнікоў" на 14 траўня запланавана другое чытанне закона "Аб ахове здароўя", у які ўпершыню будзе ўключана клятва лекара Беларусі.

Апошнія навіны