Андрэй Саннікаў: «Дзеянні некаторых еўрапейскіх чыноўнікаў прыводзяць да ўзмацнення рэпрэсій у Беларусі»
- 28.04.2008, 13:19
Адразу пасля асуджэння на доўгія тэрміны зняволення апазіцыянераў Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, Менск наведаў генеральны сакратар Венецыянскай камісіі Рады Еўропы Джані Букікіа. "Чыноўнік зрабіў проста здзеклівыя заявы. Як можна казаць пра "вялікія намаганні, зробленыя Беларуссю па вызваленні палітвязняў", калі ў турме знаходзіцца Казулін, а ўдзельнікам мірных дэманстрацый выносяцца такія жорсткія прысуды?", -- заявіў сябра аргкамітэта грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў.
"Міжнародны чыноўнік такога ўзроўня не можа не ведаць, што Венецыянская камісія ў свой час дала вельмі цвёрдую адзнаку здзяйсненню ў Беларусі неканстытуцыйнага, на яе думку, рэферэндуму ў 2004 годзе, а зараз кіраўнік гэтай камісіі прыязджае і сустракаецца з суддзямі Канстытуцыйнага суда, які і спрыяў гэтаму рэферэндуму! У Радзе Еўропы прымаецца цвёрдая рэзалюцыя на падставе дакладу Хрыстаса Пургурыдаса, а кіраўнік аднаго з аддзяленняў Рады Еўропы прыязджае і робіць такія заявы", -- адзначае Саннікаў.
Да таго ж, лідэр "Еўрапейскай Беларусі" нагадвае, Рада Еўропы падтрымала 12 прапановаў Еўразвяза, адным з галоўных пунктаў якіх з'яўляецца вызваленне палітвязняў.
"Абуральны не факт прыезду сакратара Венецыянскай камісіі, а менавіта тое, што ён абраў найбольш непрыдатны момант і паспрабаваў заплюшчыць вочы на сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, у прыватнасці на наяўнасць палітвязняў у Беларусі. Мы неаднойчы назіралі, як дзеянні міжнародных чыноўнікаў ці прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, што ішлі ў разрэз з рашэннямі гэтых арганізацый, прыводзілі да ўзмацнення рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта варта памятаць Джані Букікіа, а таксама дакладчыку ПАРЕ Андрэа Рыгоні і кіраўніку працоўнай групы ПА АБСЕ па Беларусі Уце Цапф, якія таксама плануюць свае візіты ў краіну", -- кажа Андрэй Саннікаў.