BE RU EN

Самалёты з Менску ў Крым больш не лятаюць

  • 28.04.2008, 14:28

Патрапіць у Крым самалётам з Беларусі ў цяперашнім сезоне стала немагчыма.

Чаму авіякампанія "Белавиа" адмяніла ўсе рэйсы на Сімферопаль, дазнавалася «Салідарнасць».

Як паведамілі ў авіякампаніі, са студзеня 2008 года прынятае рашэнне закрыць дадзены накірунак.

— Ужо з пачатку года самалёты ў Сімферопаль не лятаюць, — тлумачаць у касах. — Праўда, першапачаткова нам выдалі расклад рэйсаў, але потым у апошні момант усё адмянілі. Па якой прычыне гэта было зроблена, мы не ведаем. Хутчэй за ўсё, проста не хапае самалётаў.

Між тым намеснік генеральнага дырэктара "Белавиа" па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці Ігар Чаргінец сцвярджае, што прычына ў іншым.

— Мы адразу не планавалі рэйс на Сімферопаль, — заявіў ён. — Справа ў тым, што попыт на яго невялікі, таму ў дадзеным рэйсе не было неабходнасці.

Аднак тыя, каму даводзілася лятаць у Крым у летні час, сцвярджаюць, што самалёты на Сімферопаль не пустуюць. У "Белавиа" з гэтым сцвярджэннем не згодныя.

— Паглядзіце: кошт адпачынку ў Крыму зараз завоблачны, таму людзі пераважна выбіраюць ездзіць у Турцыю, — патлумачыў Ігар Чаргінец.

Па ягоных словах, дадатковых рэйсаў у Крым на летні перыяд, таксам пакуль не чакаецца.

Такім чынам, трапіць у Сімферопаль па паветры зараз можна толькі з перасадкай у Маскве ці Кіеве.

Апошнія навіны