Міністр інфармацыі хоча, каб інтэрнэт-выданні з’яўляліся СМІ
- 28.04.2008, 16:43
"Мы не кажам аб рэгуляванні інтэрнэт-СМІ ў Беларусі, мы шукаем падыходы садзейнічання развіццю такіх СМІ", — паведаміў журналістам міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч на адкрыцці XII Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі" 28 красавіка ў Менску.
"Рэгуляванне інтэрнэт-СМІ — гэта не наш тэрмін", — заўважыў міністр. Ён нагадаў, што Міністэрства інфармацыі працуе над удасканальваннем закону "Аб друку і іншыхСМІ". "Нам неабходна ведаць, што неабходна для развіцця інтэрнэт-СМІ, валодаць дакладнай інфармацыяй, колькі і якіх інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі", — паведаміў У.Русакевіч.
"Я хачу, каб інтэрнэт-версіі друкаваных выданняў з’яўляліся сродкамі масавай інфармацыі", — сказаў У.Русакевіч. — Зараз інтэрнэт выступае ў якасці тэхнічнага сродка камунікацыі, не больш за тое".
Як раней паведамляў БелаПАН, у новай версіі закона "Аб друку і іншых СМІ" плануецца заканадаўча ўрэгуляваць дзейнасць інтэрнэт-СМІ. У тым ліку мяркуецца вызначыць, ці з’яўляюцца самастойнымі СМІ інтэрнэт-версіі друкаваных выданняў. У цяперашні час Мінінфармацыі фармулюе прапановы і ўносіць іх у Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці.
У цэлым У.Русакевіч назваў інфармацыйны рынак Беларусі "годным". Як паведаміў міністр, у краіне выходзіць 1.300 газетаў, агульны наклад цэнтральных рэспубліканскіх складае 800 тыс. экземпляраў. Такі ж наклад маюць рэгіянальныя газеты. Што датычна тэлекамунікацыяў, У.Русакевіч заўважыў: "магчыма, мы адстаем ад Расеі і заходніх краінаў у тэхнічным плане, паколькі ў нас няма свайго спадарожніка, і не будзе ў бліжэйшай перспектыве. Таму мы яго арандуем, а любая арэнда — гэта залежнасць".