Хай у лапцях, але ж у сваіх
- 29.04.2008, 11:35
З невыкананнем праграм імпартазамяшчэння ў Беларусі жадаюць змагацца праз прыцягненне да адказнасці чыноўнікаў. Незалежныя эканамісты да гэтага падыходу, як і да самой ідэі імпартазамяшчэння, ставяцца крытычна.
Як заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Зянон Ломаць на выязной калегіі ведамства ў Гомелі, прычыны невыканання праграм імпартазамяшчэння ў Беларусі абумоўлены "славянскай бязладнасцю і асабістай зацікаўленасцю пэўных службовых асобаў", нагадвае "Немецкая волна".
Па ягоных словах, у 2006 годзе з 566 праектаў, уключаных у дзяржаўную, галіновыя і рэгіянальныя праграмы імпартазамяшчэння, было рэалізавана ўсяго 204 праекты, а ў 2007 годзе з 558 праектаў - 191. У выніку доля вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі ад агульнага аб'ёму прамысловай вытворчасці склала ў 2006 году толькі каля 6%, а ў 2007 - 3,5%.
І галоўным "тормазам" у справе развіцця імпартазамяшчэння з'яўляюцца прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці, якія сістэматычна не выконваюць паказнікі па абмежаванні імпарту. Так, аб'яднанне "Гомсельмаш" на 1 студзеня гэтага года з 3.770 пазіцый пакупных камплектоўных мела амаль 1.900 найменняў замежнай вытворчасці.
Каб змяніць сітуацыю, Камітэт дзяржкантролю прапанаваў Савету міністраў разгледзець пытанне аб прыцягненні да адказнасці чыноўнікаў, якія не выканалі ў 2007 годзе прагнозныя паказнікі па знешнім гандлі.
Аднак, на думку былога гендырэктара канцэрна "Амкадор" Васіля Шландзікава, сама цяга беларускага кіраўніцтва да тэмы імпартазамяшчэння не заўсёды апраўданая. Значна выгадней купляць больш якасныя і танныя імпартныя вырабы, чым засвойваць выпуск дарагіх і не заўсёды канкурэнтаздольных сваіх.
Але вызначальным, у пытаннях набыцця камплектоўных, на думку Васіля Шландзікава, мусіць быць меркаванне дырэктараў заводаў. "Вытворцы ведаюць, дзе і што размясціць, а таксама дзе і што купіць, лепш, чым сп. Ломаць і ўсё яго паплечнікі разам узятыя".
У іншым выпадку, як лічыць Шландзікаў, імпартазамяшчэнне можа прывесці да адсутнасці канкурэнтаздольнасці. "Усё сваё - значыць, будзе сваё. У лапцях жылі, у лапцях і будзем жыць. Але толькі ў сваіх лапцях".
Па словах кіраўніка цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, змаганне з імпартам у Беларусі вядзецца стала і імпарт трывала выйграе. "Калі зірнуць на статыстыку з 1995 года па 2007, то бачна, што ўрад змагаўся з тымі артыкуламі імпарту, якія ўздымаліся больш за ўсё. А змагацца з імпартам сыравіны, паліўна-энергетычных рэсурсаў, сыравіны для металаў - гэта абсурдна".
Тым больш, што ад беларусаў коштаўтварэнне на такія рэсурсы амаль не залежыць. Што да прыцягнення нядбайных чыноўнікаў да адказнасці, то, як лічыць Яраслаў Раманчук, у такім выпадку варта звярнуць увагу на найвышэйшых службовых асобаў. "Па вялікім рахунку, трэба тады змяняць увесь эканамічны блок у найвышэйшых эшалонах улады, пачынаючы ад Адміністрацыі прэзідэнта, сканчаючы кіраўніцтвам урада. Таму што яны самі ўсе гэтыя дакументы падпісваюць, візуюць і сцвярджаюць".
Аднак Яраслаў Раманчук упэўнены, што здыманне з пасадаў і іншыя жорсткія санкцыі адносна выканання праграм імпартазамяшчэння ніякага эфекту не дадуць.