BE RU EN

У Магілёве «Мэрсэдэс», які ўцякаў ад ДАІ, пратараніў «Опель»

  • 29.04.2008, 11:39

У "Мэрсэдэсе" загінула дзяўчына на пярэднім сядзенні. "Опель" ператварыўся ў гармонік, кіроўцу выратаваў толькі пас бяспекі, паведаміла "КП в Беларуси".

- Каля 1.30 ночы ў суботу я вяртаўся дадому, праехаў Быхаўскі рынак на вуліцы Чалюскінцаў, - распавядае па тэлефоне з лякарні кіроўца "Опеля" магілёвец Сяргей КРУШКІН. - Пад'язджаў да павароту на Дняпроўскі мост і раптам проста перад сабой убачыў "Мэрсэдэс", што выскачыў са стрэчнай. За ім - выразна бачныя міліцэйскія мігцелкі… Думаю, машына выехала на стрэчную, таму што спрабавала адарвацца ад пераследу ДАІ. Быў моцны ўдар, на мяне пасыпалася шкло. Я ўзняў галаву і ўбачыў міліцэйскую машыну з мігцелкамі проста перад сабой, далей твар заліла кроў…

Аварыя была страшнай: "Опель" ператварыўся ў гармонік, выратаваў Сяргея толькі пас бяспекі. Цяпер Сяргей у лякарні, у яго зламаны пяць рэбраў, нос, пашкоджаны хрыбетнік. У "Мэрсэдэсе", які выехаў на стрэчную, загінула дзяўчына на пярэднім сядзенні, кіроўца і яшчэ двое пасажыраў абышліся траўмамі рознай цяжкасці.

- Калі мы прыехалі, "Мэрсэдэс" ляжаў на даху, адну дзяўчыну з задняга сядзення дасталі міліцыянты, - распавядае Антон ЯНЧАНКА, выратавальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС. - Астатніх мы выцягвалі з дапамогай тэхнікі. Асабліва моцна быў заціснуты хлопец з задняга сядзення "Мэрсэдэса". Медыкі адразу сказалі, што дзяўчына на пярэднім сядзенні мёртвая. Астатнія крычалі, што ім балюча. Дасталі мы ўсіх даволі аператыўна. Каб вызваліць кіроўцу "Опеля", давялося разразаць стойкі, дзверы і ўздымаць дах…

КАМЕНТАР СЛЕДЧАГА

«Ніхто ні за кім не гнаўся»

Цяпер справу аб аварыі вядзе следчы аддзела расследаванняў ДТЗ УУС Магілёва Сяргей ЯКАЎЛЕЎ.

- Кіроўца на вялікай хуткасці не даў рады кіраванню, выехаў на стрэчную паласу, - тлумачыць ён прычыну аварыі.

- Яго пераследвалі машыны ДАІ?

- Не, перад гэтым супрацоўнікі ДАІ, якія стаялі на абочыне без машыны, спрабавалі яго спыніць за перавышэнне хуткасці. Ён паехаў далей, але ўбачыў патрульную машыну ДАІ, якая выпадкова ехала насустрач. Развярнуўся, панёсся на іншую вуліцу - і ў выніку гэтая аварыя. Сведкі, якіх ён абагнаў перад аварыяў, кажуць, што ніхто за ім не гнаўся… І камандзір батальёна мне сказаў, што ніхто за ім не гнаўся. Але я буду разбірацца.

Апошнія навіны