«Свабоду палітвязням! Свабоду прэсе!» (Фота)
- 3.04.2008, 10:00
Пад такім лозунгам 2 красавіка ў Вільні ля амбасады Беларусі ў Літве прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 удзельнік акцыі, актывіст прадпрымальніцкага руху з Барысава Міхаіл Васільеў, людзі стаялі ля амбасады з партрэтамі палітвязняў Аляксандра Казуліна і Андрэя Кіма і маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, якія адбываюць цяпер адміністрацыйны арышт за ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка, а таксама прадпрымальніка Віктара Калея. Некаторыя трымалі расцяжкі «Рукі прэч ад незалежных СМІ!», «Свабоду палітвязням!», «Свабоду прэсе!».
У акцыі ўзялі ўдзел прадпрымальнікі і актывісты моладзевых рухаў з Беларусі, а таксама беларускія студэнты, якія вучацца ў Вільні.
Паліцыя Вільні не замінала правядзенню пікету. А супрацоўнікі амбасады толькі выглядалі з вокнаў і, убачыўшы фотакамеры, адразу хаваліся.


