Кузькава маці прыйдзе пасля святаў
- 30.04.2008, 9:35
Відаць, пасля святаў Беларусь чакае кардынальная змена вектару барацьбы з карупцыяй.
Учора ў "парламенце" Лукашэнка казаў досыць доўга. Было бачна, што месца ў яго выступе хопіць усяму: і праблемам вёскі, і інвестыцыям, і прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, і карупцыі, адзначае "Ежедневник". Але калі закрануў тэмы карупцыі, заявіў наступнае:
"На нядаўніх пашыраных паседжаннях з кіраўніцтвам сілавога блока, з суддзёвым корпусам мы прынцыпова і глыбока прааналізавалі пытанні абараназдольнасці, правапарадку, бяспекі, прававой абароненасці грамадзян. Перад кожным дзяржаўным органам пастаўлены пэўныя задачы: сказана, што рабіць і як рабіць.
Першараднае значэнне маюць пераадоленне негатыўных тэндэнцый у развіцці крымінагеннага становішча і дасягненне адчувальных вынікаў у барацьбе са злачыннасцю, перадусім з карупцыяй. За апошнія шэсць гадоў узровень злачыннасці на 100 тыс. насельніцтва ўзняўся у 1,7 разоў. І нават калі гэта, як сцвярджае міністр унутраных справаў, наступства наладжанай працы па рэгістрацыі злачынстваў, падставаў для спакою абсалютна няма. Мы не можам мірыцца з тым, што колькасць пацярпелых ад злачынстваў узрасла больш чым удвая. Колькасць загінулых і параненых перавысіла 40 тысяч чалавек. А раскрывальнасць злачынстваў зніжаецца, чым падрываецца прынцып няўхільнасці пакарання злачынцаў.
Сілавым структурам і судам належыць кардынальным чынам палепшыць працу па аздараўленні крымінагеннага становішча. Людзі і дзяржава павінны быць абаронены ад дзеянняў злачынцаў гэтаксама, як ад дэструкцыйных супрацьпраўных дзеянняў розных замежных арганізацый і іх памагатых. Пры гэтым хачу сказаць, што мы вось так у пасланні сіламі кіраўніка адміністрацыі штрыхамі прайшліся па карупцыі.
Нядаўна затрыманы адзін з найбачных нашых прадпрымальнікаў, які нагой дзверы адчыняў ва ўрад і Адміністрацыю прэзідэнта. Заходзіў расхрыстаным, ці ледзь не распранутым. І што ён сёння паказвае? Чалавек 15 найвышэйшых урадавых чыноўнікаў і Адміністрацыі прэзідэнта ўгразлі ў карупцыі. І калі чытаеш гэтыя матэрыялы, сорамна робіцца. Некаторыя нават звяртаюцца да яго, каб купіць пральную машыну і паменшыць яе кошт. Ну на 60%, яшчэ на колькі… Машыну трэба купіць - да яго. Адрамантаваць - да яго. І усё задарма. Цэлую табліцу намалявалі.
І неўзабаве - ужо не хачу перад святамі псаваць народу гумор - я вас усіх запрашу да сябе. Вы мне распавядзеце, за чые грошы вы гэта рабілі і навошта ўвогуле вы гэта рабілі. Ну і вы вызначыцеся, дзе вы пасля будзеце працаваць. Я маю на ўвазе справу Шыгалава і іншых. Гэта датычыць і некаторых парламентарыяў. Няўжо вы не разумееце, я не проста так кажу пра карупцыю. Прабачэння нікому не будзе: ні самым блізкім, набліжаным, так бы мовіць, ні крыху аддаленым".