«Народная воля»: Міліцыянт згвалціў студэнтку, патрулюючы па Менску
- 30.04.2008, 15:31
Гэтая гісторыя здарылася 8 сакавіка ў цэнтры Менска. Студэнтка малодшых курсаў аднаго з беларускіх вузаў вярталася дахаты. Яе спыніў супрацоўнік міліцыі ў форме і папрасіў прайсці разам з ім у машыну. У міліцэйскім аўто дзяўчыну згвалцілі…
- Калі мы з сяброўкамі выйшлі з піцэрыі, было, напэўна, каля паловы на адзінаццатую вечара, - распавядае Вольга "Народнай волі" (імя гераіні гэтай дзікай гісторыі па зразумелых прычынах змененае). – Сяброўкі паехалі дамоў на метро, а я пайшла пешшу. На адной з цэнтральных вуліцаў Менску мяне спыніў міліцыянт у форме і папрасіў прайсці за ім. Натуральна, ніякіх дрэнных думак у мяне не ўзнікла, і я без сумневаў пайшла за ім. Ён прапанаваў сесці ў машыну і сам сеў побач.
У машыне на пярэдніх сядзеннях сядзелі яшчэ двое ў форме. Але яны адразу выйшлі, а ён мяне згвалціў. Натуральна, я супраціўлялася, як магла. Можна чыста тэарэтычна разважаць, як трэба сябе паводзіць у падобных сітуацыях, але ў рэчаіснасці ўсё адбываецца па-іншаму…
Калі тыя два міліцыянты вярнуліся, мне адчынілі дзверы машыны, і ўсе з’ехалі… Я неяк дайшла да дому. Спачатку рыдала наўзрыд. Потым патэлефанавала сяброўцы, усё распавяла. Затым мы выклікалі "хуткую" і міліцыю. Міліцыянта я апазнала. У той дзень ён з калегамі патруляваў раён…
Мяне настойліва прасілі забраць заяву з міліцыі, каб не раздуваць скандалу. Той, хто мяне гвалціў, прасіў яго пашкадаваць і зразумець, казаў, што ў яго маленькае дзіця і цяжарная жонка… Яму самому каля 30 год.
Двое ягоных калегаў выступаюць у яго абарону як сведкі. Яны кажуць, што ніякага гвалту не было. Хаця, калі яны пры выкананні, то не маюць права саджаць у машыну пабочных асобаў. А гвалтоўнік кажа, што прызнае сваю правіну, але нібыта ўсё адбылося па маёй згодзе. Хаця гэта хлусня!
Тэлефанаванне следчаму
"Мы не намераныя разглашаць гэтую справу", - сказаў следчы пракуратуры, які вядзе справу, спаслаўшыся на тайну следства.
Тэлефанаванне ў МУС
Адно з галоўных правілаў журналістыкі – даць выказацца абодвум бакам. таму "Народная воля" патэлефанавала ў МУС з просьбай паведаміць каардынаты "галоўнага героя". Там адказалі: ён у нас больш не працуе. "па сканчэнні службовай праверкі ён быў звольнены за дыскрэдытацыю годнасці супрацоўніка органа ўнутраных справаў", - паведамілі ў МУС.