BE RU EN

Германскі дэпутат заклікае Еўразвяз падтрымаць беларускую апазіцыю

  • 30.04.2008, 15:38

Германскі дэпутат Маркус Мекель распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што ФРГ і Еўразвяз павінныя падтрымаць апазіцыю Беларусі "з прычыны хвалі рэпрэсіяў перад парламенцкімі выбарамі".

Дэпутат бундэстага заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных, у тым ліку Аляксандра Казуліна. "Час ужо і Беларусі ўставаць на шлях дэмакратычных рэформаў і стаць прававой дзяржавай", — лічыць Мекель.

Ён заявіў, што "хваля рэпрэсіяў перад парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў верасні 2008 года ідзе насуперак тым спробам, якія прэзідэнт Лукашэнка прадпрымаў у апошнія месяцы, каб наладзіць адносіны з краінамі Захада". М.Мекель нагадаў, што ў пачатку года пяць апазіцыйных палітыкаў былі вызваленыя раней тэрміну, Казулін атрымаў магчымасць рыняць удзел у пахаванні жонкі, аднак "курс змяніўся пасля канфлікту вакол эканамічных санкцыяў ЗША", паведамляе БелаПАН.

Так, 25 сакавіка ў Менску быў жорстка разагнаны мітынг апазіцыі, а 27 сакавіка ператрусы прайшлі ў кватэрах і офісах дзесяткаў журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі радыё- і тэлестанцыямі. Дэпутат бундэстага таксама адзначыў, што 25 красавіка ў Віцебску былі затрыманыя актывісты, якія раздавалі выданне "Віцебскі кур’ер". Двое з іх, Вольга Карач і Валеры Шчукін, пацярпелі.

Мекель заклікаў Брусэль "перагледзець свае адносіны з беларускімі ўладамі, паралельна ўзмацніўшы падтрымку грамадзянскага грамадства ў Беларусі". Па ягоных словах, у інтарэсах ЕЗ таксама перагледзець візавую палітыку, пачаўшы выдаванне беларусам бясплатных шэнгенскіх візаў, каб даць грамадзянам Беларусі "доступ у еўрапейскія краіны".

Апошнія навіны