Станіслаў Багданкевіч: «Пачынаецца распродаж беларускіх банкаў»
- 4.04.2008, 12:13
Зьнешняя запазычанасьць беларускіх банкаў упершыню дасягнула трох мільярдаў даляраў.
Гэта выцякае з тых лічбаў, якія назваў, выступаючы ў “савеце рэспублікі” старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч.
Паводле ягонай інфармацыі, летась зьнешняя запазычанасьць узрасла больш чым на два мільярды даляраў. А ў першым квартале 2008 году банкі дадалі яшчэ паўмільярда. Галоўны банкір краіны сказаў: “Мы актыўна карыстаемся зьнешнімі пазыкамі, але, натуральна, так, каб не парушыць бясьпеку функцыянаваньня нашай банкаўскай сыстэмы”.
Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію “Радыё Свабода” адзначыў, што беларуская банкаўская сыстэма апошнім часам ўсімі спосабамі спрабуе прыцягнуць як мага больш замежнага капіталу..
“Можна нават сьцьвярджаць: сёлета пачынаецца раздзяржаўленьне беларускіх банкаў. Аб’яўлена, што кантрольныя пакеты двух буйных дзяржаўных банкаў (“Прамбудбанк” і “Інвэстбанк”) прададуць замежнаму капіталу. Яшчэ два буйных дзяржаўных банкі (“Беларусбанк” і “Аграбанк”) выстаўляюць на продаж прыкладна па 15% сваіх акцыяў. Карацей, аж сем банкаў зьбіраюцца прадаць за мяжу значную частку сваіх актываў.
Думаю, што такія надзвычайныя дзеяньні перадусім тлумачацца жаданьнем прыцягнуць інвэстыцыі ў беларускую эканоміку праз банкаўскую сфэру”, - мяркуе Багданкевіч.