Сілавікоў пазбавілі льготаў, а яны зноў іх сабе вярнулі
- 8.04.2008, 11:21
Аляксандр Лукашэнка вырашыў канчаткова ўраўняць у правах усіх грамадзян і дарэшты пазбавіў ільготаў супрацоўнікаў органаў пракуратуры, міліцыянтаў ды іншых сілавікоў. Але большасць з іх па-ранейшаму будуць карыстацца грамадскім транспартам бясплатна.
3 красавіка Лукашэнка сваім указам “Аб некаторых сацыяльна-прававых гарантыях для вайскоўцаў, суддзяў і супрацоўнікаў пракуратуры” сярод іншага скасаваў ранейшыя ўказы, датычныя іх ільготаў на карыстанне грамадскім транспартам, паведамляе Еўрарадыё.
Выдадзены летась указ “Аб ільготах” не адмяняў ранейшых указаў аб праве праезду супрацоўнікаў праваахоўных органаў па спецыяльным знаку. І тыя, скарыстаўшыся юрыдычным непаразуменнем, працягвалі ездзіць у транспарце бясплатна.
Але нават адмена указу аб спецзнаках не пазбавіла магчымасці значнай часткі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пракуратуры і іншых былых ільготнікаў у пагонах едзіць у аўтобусах і трамваях бясплатна.
Па словах кіраўніка прэс-службы Генпракуратуры Міхаіла Вавулы, наўзамен спецзнакаў арганізацыі за кошт сродкаў з уласнага бюджэту будуць набываць супрацоўнікам праязныя білеты. “Ва ўказе сказана, што кіраўнікі арганізацый, у тым ліку і органаў пракуратуры, маюць права самі вызначаць катэгорыі супрацоўнікаў, якім могуць быць прадастаўленыя праязныя квіткі за кошт арганізацыі”.
На думку супрацоўніка Генпракуратуры, перш за ўсё гэта будуць людзі, выкананне службовых абавязкаў якіх звязана са службовымі раз’ездамі.
Колькі такіх людзей, якім пракуратура вымушана будзе набываць за свой кошт квіткі, назваць нават прыблізна Міхаіл Вавула не здолеў. Не захацеў ён і адказваць на пытанне, ці быў сэнс адмяняць бясплатны праезд па спецзнаках і замяняць яго на набыццё арганізацыямі сваім супрацоўнікам праязных.
Еўрарадыё звярнулася ў Менсктранс, каб даведацца, ці пачалі ўжо міліцыянеры ездзіць па квітках. Але, як паведаміла начальнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення Ганна Міхайлоўская, пра забарону міліцыянерам карыстацца спецзнакамі яна чуе ўпершыню.
Разам з тым, супрацоўніца Менсктрансу запэўніла, што кантралёры не будуць баяцца патрабаваць праязны квіток ў міліцыянераў. А калі тыя будуць паказваць спецзнак, то іх будуць штрафаваць. І з задавальненнем адзначыла, што прыбытак іх арганізацыі ад павелічэння пасажыраў за кошт пазбаўленых ільгот міліцыянераў павялічыцца.