Насту Палажанку хочуць выключыць са школы
- 9.04.2008, 16:57
У сераду адміністрацыя школы №37, дзе навучаецца 17-гадовая намесьніца старшыні “Маладога Фронту” Наста Палажанка, прапанавала дзяўчыне напісаць заяву аб добраахвотным сыходзе са школы, ад чаго маладафронтаўка, безумоўна, адмовілася.
“Мне паведамілі, што, калі я адмаўляюся добраахвотна сыходзіць са школы, мяне могуць выключыць без папярэджаньняў у любы дзень, хоць заўтра, - кажа Наста. – І фармальна гэта будзе зроблена на законных падставах: я навучаюся ў школе, якая знаходзіцца не па месцы майго жыхарства, з мінулай школы я вымушана была сысьці з-за моцнага ціску на мяне з боку адміністрацыі”, паведаміла Наста прэс-цэнтру “Маладога Фронту”.
Па словах Палажанкі, напачатку сакавіка дырэктара школы, дзе яна навучаецца, цэлы тыдзень наведвалі супрацоўнікі КДБ.
“На майго дырэктара аказваўся вельмі моцны ціск: яму прынесьлі тэчку з справаздачай за люты па маёй дзейнасьці ў Маладым Фронце, іншыя матэрыялы. У той час ён адмовіўся выключаць мяне, і сказаў, што дасьць магчымасьць давучыцца да канца году, - распавядае Наста. – Зараз жа яго амаль кожны дзень выклікаюць “на дыван” і пагражаюць звальненьнем з працы… Але я спадзяюся, што і ў гэты раз ён прыме сумленнае рашэньне і я змагу давучыцца пару месяцаў у гэтай школе”.
Нагадаем, у мінулым годзе пад ціскам супрацоўнікаў КДБ з дзяржаўнага прадпрыемства быў беспадстаўна звольнены бацька Насты Палажанкі.