Аднаго з лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» пасля суду яшчэ 5 гадзін трымалі ў міліцэйскім «стакане»
- 11.05.2008, 14:47
Пасля 10 сутак арышту выйшаў на волю адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Мікалай Статкевіч, арыштаваны за ўдзел у афіцыйным першамайскім мітынгу.
У спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна Мікалая Статкевіча сустракалі актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Як паведаміў палітык, усё 10 сутак арышту ён адчуваў сталы ціск з боку супрацоўнікаў міліцыі. Асабліва жорсткім, па ягоных словах, было стаўленне ў Першамайскім РУУС. Адразу пасля суду, дзе палітыка прысудзілі да арышту, Мікалая Статкевіча змясцілі ў так званы "стакан" -- цеснае памяшканне для арыштантаў у аддзяленні міліцыі. Там Статкевіча трымалі 5 гадзін без ежы і вады, і толькі пасля гэтага выправілі ў спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна.
Мікалай Статкевіч лічыць, што адносна яго здзяйснялі ціск у сувязі з тым, што на судзе ён заявіў пра незаконныя дзеянні супрацоўнікаў АМАПу, якія затрымалі яго на афіцыйна дазволеным мерапрыемстве. Палітык абвясціў адвод суддзю і фактычна адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе. Па ягоных словах, "мерапрыемства было абсалютна законным, сцягі Еўразвяза абсалютна законныя, закон парушылі толькі амапаўцы, што арыштавалі каля 30 актывістаў "Еўрапейскай Беларусі".
У спецпрыёмніку Мікалай Статкевіч знаходзіўся ў перапоўненых камерах, яго не выводзілі на шпацыр, ладзілі частыя ператрусы.
Нагадаем, што 1 мая больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" дайшлі да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзнялі на афіцыйным мітынгу дзесяткі еўрапейскіх сцягоў. Афіцыйна 1 мая ў Беларусі святкуецца як Дзень Працы. Аднак гэтая дата мае важнае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.
Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПу. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі праз калена, адымалі сінія полкі з зоркамі.
У міліцэйскім пратаколе, складзеным адносна Мікалая Статкевіча і іншых актывістаў "Еўрапейскай Беларусі", сказана: "размахваў сінім сцягам з жоўтымі зоркамі, заклікаў праз мегафон далучыцца да Еўрапейскага Звяза, чым парушыў артыкул 23.34 КоАП".