Станцыя менскага метро «Кастрычніцкая» зачыняецца 1 чэрвеня на рэканструкцыю
- 12.05.2008, 17:32
Станцыя Менскага мэтрапалітэну «Кастрычніцкая» зачыняецца 1 чэрвеня бягучага года на рэканструкцыю перасадачнага вузла.
Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага мэтрапалітэну» Васіль Жыбуль.
"Для правядзення рэканструкцыі перасадачнага вузла "Кастрычніцкая-Купалаўская" станцыя "Кастрычніцкая" будзе зачыненая для пасадкі і высадкі пасажыраў. Будзе таксама зачыненая і перасадка паміж «Купалаўскай» і Кастрычніцкай». Працаваць будзе толькі станцыя «Купалаўская», — удакладніў суразмоўца.
Для кампенсацыі нязручнасцяў перагледжаная схема руху наземнага пасажырскага транспарту. У прыватнасці, прадугледжваецца дадаткова выдзеліць аўтобусы, якія будуць курсаваць ад станцыі метро «Плошча Леніна» да станцыі «Плошча Перамогі».
Пад час маючай адбыцца рэканструкцыі, якая працягнецца 5 месяцаў, старыя тры стужкі эскалатара заменяць на новыя чатыры Крукаўскага завода (Украіна). Яны эксплуатуюцца ва ўкраінскім метро і добра сябе зарэкамендавалі. Таксама эскалатары тэхнічна адпавядаюць патрабаванням менскага метро. Пры гэтым хуткасць руху стужак у мэтах бяспекі застанецца ранейшай.
Рэканструкцыя перасадачнага вузла дазволіць павялічыць ягоную прапушчальную магчымасць. "Пасажыраплыні метро пралічваліся яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Тады прапушчальная магчымасць была забяспечаная тунелем і трыма эскалатарамі. Але горад развіваўся імкліва – пасажыраплынь вырасла амаль у два разы", - адзначыў Васіль Жыбуль. Замена ж трох стужак эскалатара на чатыры дазволіць у гадзіну пік павялічыць прапушчальную магчымасць вузла на 8 тыс. чалавек, а таксама забяспечыць бяспеку перасоўвання і камфорт для пасажыраў.
Начальнік КУП "Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага метрапалітэну" таксама дадаў, што правядзенне рэканструкцыі вузла ў летні перыяд абранае невыпадкова, паколькі пасажыраплынь у гэты перыяд паніжаецца на траціну. Кажучы аб кошце рэканструкцыі, ён паведаміў, што ўвесь праект ацэньваецца у Br13-15 млрд.