BE RU EN

Новым старшынёй БХК абраны Алег Гулак

  • 12.05.2008, 18:00

Новым старшынёй грамадскага аб’яднання "Беларускі Хельсінкскі комитет" (БХК) абраны Алег Гулак (раней ён выконваў абавязкі кіраўніка арганізацыі).

Ягоным намеснікам абраная Таццяна Гацура (раней — выканаўчы дырэктар БХК). Такі вынік чарговага справаздачна-выбарнага з’езду БХК, які адбыўся 11 мая пад Менскам.

Як паведаміла БелаПАН Т.Гацура, у з’ездзе прынялі ўдзел 36 дэлегатаў. Старшыня арганізацыі Таццяна Процька адмовілася балатавацца на пасаду старшыні арганізацыі. А.Гулак быў абраны старшынёй БХК аднагалосна.

"Ніякіх радыкальных зменаў у нашай дзейнасці чакаць не прыйдзецца. Мы маем свае традыцыі, якія правераныя гадамі. Важнай задачай у гэтым годзе для нас з’яўляецца маніторынг парламенцкіх выбараў. Мы не адмовімся ад кантролю за захаваннем правоў чалавека ў Беларусі і намераныя ўзмацніць працу ў арганізацыі маніторынгаў парушэнняў правоў чалавека, аналітычную і адукацыйную працу", — сказаў А.Гулак.

Беларускі Хельсінкскі камітэт — сапраўдны сябра Міжнароднай Хельсінкскай федэрацыі, якая мае кансультатыўны статус пры ААН і АБСЕ. Галоўная мэта аб’яднання — абарона ў Беларусі правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй, а таксама дэклараваных Хельсінкскімі пагадненнямі і іншымі міжнароднымі дамовамі. Камітэт выяўляе факты парушэння правоў чалавека і праводзіць розныя мерапрыемствы з мэтай дасягнуць выканання міжнародных абавязкаў, якія ўзяла на сябе Беларусь. Дзейнасць БХК таксама накіраваная на садзейнічанне развіццю праваабарончага руху ў рэгіёнах краіны. У 1998 годзе БХК быў узнагароджаны прэміяй Еўрапейскага звяза і ЗША за ўклад у развіццё грамадзянскага грамадства.

Прэс-цэнтр Хартыі’97 віншуе Алега Гулака з абраннем старшынёй БХК і жадае яму поспехаў у ягонай нялёгкай працы.

Апошнія навіны