BE RU EN

Беларусь трапляе на Алімпіяду ў Ванкувэр

  • 13.05.2008, 8:28

Нягледзячы на паразу ад датчанаў у апошнім матчы і нявыйсце у плэй-оф чэмпіянату свету, зборная Беларусі захавала 9-ю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу і гарантавала сабе ўдзел на Алімпійскіх гульнях у Ванкувэры.

На апошнім для сябе матчы чэмпіянату свету зборная Беларусі саступіла зборнай Даніі ў авертайму - 2:3, паведамляе "Прессбол".

Шайбы ў беларусаў закідвалі Аляксей Угараў, які зраўняў лік на 56-й хвіліне, і Зміцер Мялешка, што вывеў беларусаў наперад за дзве хвіліны да канца трэцяга перыяду. Аднак утрымаць хісткую перавагу нашыя суайчыннікі не здолелі. Датчане замянілі брамніка шостым палявым гульцом і за 38 секунд да канца асноўнага часу зраўнялі лік. А на 3-й хвіліне авертайму высілкамі Петэра Рэгіна схілілі шалю на сваю карысць.

Тым не менш, беларусы трапляюць на Алімпіяду ў Ванкувэр. Апошні з канкурэнтаў беларусаў, каманда Латвіі, тройчы ведучы пад час сустрэчы, у апошні гульнявы дзень другога этапу саступіла супернікам з Нямеччыны - 3:5 і прапусціла ў чвэрцьфінал зборную Нарвегіі. Такім чынам усе каманды, што спрачаліся за месца на Алімпіядзе ў Ванкувэры без кваліфікацыйнага адбору, спынілі выступ на чэмпіянаце свету.

Беларусь заняла 9-е, прапускное ў Ванкувэр, месца і набрала ў рэйтынгу ІІХФ 2845 ачкоў. Нямеччына і Латвія з 2740 баламі дзеляць 10-11-я пазіцыі, а Данія стала 12-й - 2660 ачкоў.

Праўда, Беларусь яшчэ можа страціць месца ў Ванкувэры. Але толькі пры ўмове, што нашую каманду ў рэйтынгу абыйдзе Нарвегія. Для гэтага скандынавам неабходна "усяго нічога" – здабыць бронзавыя медалі цяперашняга сусветнага першынства.

Тым часам на ЧС па хакеі вызначыліся ўдзельнікі чвэрцьфіналаў. Па выніках другога групавога турніру зборныя Нямеччыны і Латвіі занялі пятае і шостае месцы ў групе F. Такім чынам яны не змаглі прабіцца ў чвэрцьфінал.

Склад чвэрцьфінальных параў:

Чэхія - Швецыя, 14 траўня, 20.00, Квэбэк

Нарвегія - Канада, 14 траўня, 22.30, Галіфакс

Расея - Швейцарыя, 15 траўня, 02.15, Квэбэк

ЗША - Фінляндыя, 15 траўня, 02.15, Галіфакс

Апошнія навіны