Незалежныя радыёстанцыі павінныя вяшчаць на Беларусь, а не ў «космас»
- 13.05.2008, 13:19
Шэраг беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў краіны накіравалі зварот міністру замежных справаў Польшчы з просьбай паўплываць на сітуацыю з вяшчаннем на Беларусь.
Як паведаміў БелаПАН адзін з лідэраў моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Зміцер Дашкевіч, у лісце, у прыватнасці, адзначаецца, што дзеючыя медыя, у асноўным радыёстанцыі, сканцэнтраваліся на рашэнні ўнутрыпольскіх пытанняў.
"Відавочна, што беларускія станцыі на тэрыторыі Польшчы (маюцца на ўвазе "Радыё Рацыя" і Еўрапейкае радыё для Беларусі) у цяперашнім выглядзе не могуць канкурыраваць з беларускімі афіцыйнымі FM-станцыямі", — адзначаецца ў лісце.
"Справа ў тым, што антэны гэтых станцыяў накіраваныя, наколькі нам вядома, не ў бок Беларусі, а ў бок Варшавы. Калі едзеш у Варшаву — чутнасць гэтых станцыяў вышэй усялякіх пахвал, а калі ў бок Беларусі — іх не чутна. Таму мы лічым, што гэтыя радыёстанцыі не выконваюць сваю функцыю ", — сказаў З.Дашкевіч.
Пры гэтым ён не выключыў, што пры станоўчым рашэнні гэтага пытання вакол тэрыторыі Беларусі можа быць створаная сетка FM-перадатчыкаў, якія будуць трансляваць праграмы "Радыё Рацыя" і Еўрапейскага радыё для Беларусі.
Пакуль жа, па словах З.Дашкевіча, прапануецца стварыць назіральны савет для перыядычнага маніторынгу электронных СМІ. Для эфектыўнай працы медыя беларускія дзеячы лічаць неабходным, каб пасады асобаў, адказных за вяшчанне, — галоўнага рэдактара і праграмнага дырэктара — займалі людзі, вядомыя ў Беларусі, у якіх ёсць вопыт працы.
"Трэба павысіць эфектыўнасць гэтых сродкаў масавай інфармацыі. Калі наконт тэлеканалу "Белсат" дыскутуюць усе, то наконт радыёстанцыяў пакуль ніякай публічнай дыскусіі не адбывалася. Яны вяшчаюць у "в космас", і ніхто на гэта не звяртае ўвагі", — адзначыў З.Дашкевіч.