У расейца не атрымалася засудзіць беларускіх даішнікаў
- 14.05.2008, 8:47
Суддзя Менскага гарадскога суду Сяргей Хрыпач 13 траўня не задаволіў касацыйную скаргу грамадзяніна Расеі Сяргея Астроўскага на рашэнне суду Цэнтральнага раёна сталіцы.
Пра гэта БелаПАН паведаміла яго адвакат Вера Страмкоўская.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 13 красавіка. Па словах С.Астроўскага, супрацоўнікі ДАІ нібыта вымагалі ў яго хабар і збілі, а пасля сфальшавалі супраць яго абвінавачанне ў дробным хуліганстве - "грубай нецэнзурнай лаянцы". Расеец сцвярджае, што на судзе ён змушаны быў прызнаць сваю віну ў здзяйсненні дробнага хуліганства, бо ў іншым выпадку яму пагражалі далейшым зняволеннем, а таксама неадкладна выплаціць штраф у 350 тыс. рублёў.
"Суддзя Хрыпач не задаволіў скаргу, бо палічыў даведзенай віну Астроўскага з-за таго, што Астроўскі раней сам прызнаў сябе вінаватым", - сказала В.Страмкоўская.
Яна таксама паведаміла, што на гэты момант у пракуратуры Цэнтральнага раёна Менска знаходзіцца на разглядзе комплексная скарга расейскага грамадзяніна. "Там змяшчаецца просьба адмяніць судовае рашэнне і рашэнне ДАІ аб штрафе, просьба даць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў ДАІ", - сказала В.Страмкоўская.