Салігорскі прадпрымальнік судзіцца з кіраўніком «вертыкалі»
- 15.05.2008, 8:44
Суд Салігорскага раёна разгледзіць 15 траўня скаргу прадпрымальніка Аляксандра Цацуры адносна старшыні мясцовага райвыканкама Аляксандра Рымашэўскага.
Салігорскі актывіст патрабуе прызнаць незаконнымі рашэнні кіраўніка "вертыкалі", які адмовіў у правядзенні мітынгаў 3 і 23 сакавіка. У першым выпадку арганізатары акцыі збіраліся пратэставаць супраць "знішчэння індывідуальных прадпрымальнікаў і страты працоўных месцаў найманымі працаўнікамі" пасля ўвядзення ўказу Лукашэнкі № 760. Апрача таго, яны хацелі агучыць факты самаўпраўнасці і парушэння закона з боку мясцовых чыноўнікаў. А 23 сакавіка ўдзельнікі мітынгу планавалі патрабаваць вызвалення Аляксандра Казуліна і іншых палітвязняў, паведамляе сайт АГП.
Аляксандр Рымашэўскі спаслаўся на тое, што ў гэтыя дні на стадыёне "Будаўнік", дзе планаваліся акцыі, ладзяцца іншыя мерапрыемствы. "У заяўках мы паказалі, што гатовы правесці акцыі і ў іншых месцах, не забароненых заканадаўствам. Аднак нам гарвыканкам іх не прапанаваў", - падкрэсліў Аляксандр Цацура.
Ён таксама паведаміў, што за два гады кіраўніцтва Аляксандра Рымашэўскага ў райвыканкам было пададзена больш за 30 заявак на правядзенне мерапрыемстваў. Аднак ва ўсіх выпадках дэмакратычныя актывісты атрымалі адмовы.
Скаргу адносна старшыні Салігорскага райвыканкама будзе разглядаць суддзя Людміла Астрэйка. Судовае паседжанне пачнецца ў 10.30.