Сяргей Калякін: «За кошт нашых не самых моцных кандыдатаў, улада паспрабуе легітымізаваць выбары»
- 15.05.2008, 9:33
Беларускія палітыкі працягваюць каментаваць заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт парламенцкіх выбараў і намеру ісці на новы прэзідэнцкі тэрмін.
“Усё гэта ‑‑ звычайная балбатня спадара Лукашэнкі. У яго ёсць досыць органаў і арганізацый, якія рэгулярна сочаць за апазіцыяй і яе лідэрамі. Аднак акрамя галаслоўнай балбатні, якая паўтараецца з самага прыходу Лукашэнкі да ўлады, ніводнага факта мы пакуль не бачылі. Гэтыя выказванні на сумленні спадара Лукашэнкі, але гэта і гаворыць аб тым, што ён пабойваецца апазіцыі і імкнецца яе ачарніць, выкарыстоўваючы манапольнае права на інфармацыйным полі. Ён то можа сказаць, што апазіцыя карумпаваная, але адказаць мы не можам, таму што нам не дадуць для гэтага магчымасці”, -- заявіў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” старшыня Партыі камністаў беларускай Сяргей Калякін.
Што датычыць заявы прэзідэнта аб тым, быццам у парламент могуць патрапіць некалькіх прадстаўнікоў апазіцыі, то, на думку палітыка, гэта цалкам верагодна. “Мы маем інфармацыю аб тым, што спецслужбы на месцах вывучаюць спіс 110 кандыдатаў АДС. І я лічу, што хтосьці з гэтага спісу можа быць пакліканы ўладай стаць апазіцыяй у парламенце. Натуральна, гэта будуць не самыя моцныя нашы кандыдаты, але за кошт гэтага ўлада паспрабуе легітымізаваць выбары”, -- заявіў Калякін.