Сёння - Дзень беларускай салідарнасці
- 16.05.2008, 8:44
16 траўня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень беларускай салідарнасці. У нашай краіне і за мяжой пройдуць акцыі з заклікам да ўладаў вызваліць Вязняў сумлення і спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі.
У Беларусі людзі запаляць у сваіх хатах свечкі салідарнасці і выйдуць на плошчы, каб ушанаваць памяць зніклых і рэпрэсаваных і таксама заклікаць улады ўстаць на шлях рэформаў.
Вулічныя акцыі салідарнасці, канферэнцыі, выставы, прэзентацыі фільмаў, прысвечаныя Беларусі, пройдуць 16 траўня ў шматлікіх краінах свету - Польшчы, Украіне, Літве, Расеі, Францыі, Нямеччыне, Бельгіі, Чэхіі, ЗША.
Сёння ў турмах Беларусі працягваюць утрымлівацца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы актывіст Андрэй Кім, лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.
З-за адмовы ўладаў вызваліць усіх палітвязняў Злучаныя Штаты Амерыкі ўвялі санкцыі супраць прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім". Еўрапейскі Звяз працягнуў забарону на ўезд у краіны ЕЗ для беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Заклік вызваліць палітычных зняволеных змяшчаецца таксама ў прынятай нядаўна рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.