BE RU EN

На зачыненую «Кастрычніцкую» будзе курсіраваць адзін аўтобус

  • 16.05.2008, 13:17

"Менсктранс" у сувязі з закрыццём станцыі Менскага метрапалітэну "Кастрычніцкая" на рэканструкцыю перасадачнага вузла арганізуе наземны варыянт перасоўвання ад станцыі метро "Плошча Леніна" да "Плошчы перамогі".

Аб гэтым паведаміў начальнік КУП "Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага метрапалітэна" Васіль Жыбуль сёння на паседжанні Менгарвыканкама.

Па ягоных словах, на час рэканструкцыі перасадачнага вузла будзе арганізаваны кампенсуючы маршрут гарадскога аўтобуснага транспарту, які будзе ісці ад станцыі метро "Плошча Леніна" далей праз Кастрычніцкую плошчу і да плошчы Перамогі. Пры гэтым праезд для пасажыраў будзе бясплатны.

Рэканструкцыя перасадачнага вузла сталічнага метро "Кастрычніцкая - Купалаўская" пачнецца ў чэрвені бягучага года. Старыя тры стужкі эскалатара заменяць на новыя чатыры, што дазволіць у гадзіну пік павялічыць прапускную здольнасць вузла на 8 тыс. чалавек, а таксама забяспечыць бяспеку перасоўвання і камфорт для пасажыраў.

Для гэтага станцыя "Кастрычніцкая" будзе зачыненая для пасадкі і высадкі пасажыраў. Зачыняць таксама і перасадку паміж "Купалаўскай" і "Кастрычніцкай". Працаваць будзе толькі станцыя "Купалаўская". На паседжанні гарвыканкама мэр Менску Міхаіл Паўлаў даручыў завяршыць усе працы да 1 верасня бягучага года.

Апошнія навіны