BE RU EN

Таварыства аховы помнікаў выганяюць на вуліцу

  • 16.05.2008, 13:42

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры адмаўляецца пакінуць арэндаваныя памяшканні.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заявіў, што грамадскае аб’яднанне адмаўляецца добраахвотна пакінуць арэндаваныя памяшканні ў доме № 5 па вуліцы Старажоўскай у Менску. Аб гэтм гаворыцца ў лісце ад 14 мая старшынёй БДТАПГК кіраўніцтву ўнітарнага прадпрыемства "Менская спадчына".

У лісце адзначаецца, што рэспубліканскі савет Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры робіць такую заяву ад свайго імя і ад імя Менскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання.

"Дамовы арэнды між таварыствам і Вашым прадпрыемствам заключаліся з парушэннямі існуючай нарматыўна-прававой базы Рэспублікі Беларусь. Нашая грамадскай арганізацыя з’яўляецца інвестарам (60% долевага ўдзелу) будаўніцтва адміністрацыйнага будынку па вуліцы Старажоўскай, 5. У сувязі з гэтым пры адчужэнні маёмасці ў 2004 годзе Вашае прадпрыемства павіннае было заключыць з таварыствам інвестыцыйную дамову, згодна якой нашая арганізацыя вызваляецца ад арэнднай платы на суму, інвестуемую ў капітальнае будаўніцтва. Аднак гэта не было зроблена", - гаворыцца ў лісце.

Ягоны аўтар ад імя рэспубліканскага савета таварыства настойліва патрабуе не толькі працягнуць дамову арэнды з заключэннем інвестыцыйнай дамовы, але і вярнуць БДТАПГК суму арэнднай платы за перыяд з 2004 па 2007 гады.

У інтэрв’ю БелаПАН А.Астаповіч адзначыў, што спачатку "Менская спадчына" прапанавала заключыць дамову арэнды на новых умовах, але пазней камунальнае ўнітарнае прадпрыемства адмовілася ад сваіх намераў. Па ягоных словах, у адпаведнасці з указам прэзідэнта краіны штомесячная арэндная плата за памяшканне, у якім знаходзіцца офіс таварыства, паднялася з 67,5 да 675 еўра.

Як паведаміў А.Астаповіч, 15 мая яго выклікаў да сябе начальнік упраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі Алег Сліжэўскі, які выказаў надзею, што праблемы захавання гісторыка-культурнай спадчыны кіраўніцтва аб’яднання будзе вырашаць у межах краіны, без апеляцыі да міжнароднай супольнасці. Па меркаванні старшыні таварыства, змест размовы сведчыць аб тым, што "таварыства з’яўляецца косткай у горле для чыноўнікаў, якія маюць адносіны да гвалту над спадчынай".

Апошнія навіны