BE RU EN

«Белгазета»: ППНС не мае патрэбы ў легітымізацыі

  • 19.05.2008, 8:54

Для ўлады аптымальны сцэнар правядзення любых выбараў - поўны неўдзел апазіцыі. Бо з апазіцыяй, якая б слабая яна ні была, трэба змагацца, яе трэба нейтралізоўваць, лічыць выданне "Белгазета".

І усё роўна так-сяк, ды і прарвецца яна куды-небудзь, як прарвалася ў ПП НС у 2000 г. у асобах некалькіх неспакойных дэпутатаў групы "Рэспубліка". Паколькі апазіцыя ў Беларусі з'яўляецца лагічным працягам улады, штораз знаходзяцца людзі, якія прапануюць ідэю байкоту выбараў. Гэтым разам яна прагучала з вуснаў каардынатара "Хартыі-97" Змітра Бандарэнкі, піша палітычны аглядальнік "Белгазеты" Віктар Марціновіч.

7 траўня Зміцер Бандарэнка даў інтэрв'ю інтэрнэт-рэсурсу "Хартыя-97". У ім ён тэзісна сфармуляваў новую стратэгію апазіцыі ў сувязі з рэпрэсіямі. Вось гэтая стратэгія паводле Бандарэнкі: "Цвёрдае супрацьстаянне дыктатуры ва ўсіх кірунках. Ва ўмовах, калі ніякай лібералізацыі не адбываецца, немагчыма спадзявацца, што хуткія выбары ў "парламент" будуць дэмакратычнымі і свабоднымі, таму на павестку дня ўстаюць лозунгі "Байкот выбарчаму фарсу!", "Байкот рэжыму Лукашэнкі!", "Байкот дыктатуры!". Улады самі падштурхнулі апазіцыю да змены падыходаў". На думку Бандарэнкі, у нейкай вядомай яму "гісторыі" ёсць выпадкі, калі "плённа праведзеныя байкоты вымушалі ўлады ісці на значныя саступкі на наступных выбарах". Пра тое, якой краіны гэтая "гісторыя", Бандарэнка не ўдакладняў, бо, магчыма, гэта краіна знаходзіцца за межамі планеты Зямля. На Зямлі выпадкаў, калі няўдзел у нейкім працэсе слабой апазіцыі прыводзіў да ўзмацнення апазіцыі і жадання ўлады зрабіць умовы ўдзелу ў гэтым працэсе больш прымальнымі для апазіцыі, не назіралася.

Бандарэнка паспрабаваў апеляваць да найноўшай гісторыі Беларусі, але ўсё паблытаў. "Байкот выбараў 2000 г. у значнай ступені скансалідаваў дэмсілы", - заявіў ён, забыўшыся, што менавіта ў 2000 г. ад байкоту рашуча адмовілася партыя БСДП (НГ) Мікалая Статкевіча, што карэнным чынам раскалола дэмсілы і прывяло да рознагалосіцы нават у шыхтах "Народнай Грамады". Забыўся Бандарэнка і на тое, што самі партыі - ініцыятары байкоту 2000 г. потым наўпрост прызналіся, што ідэя была хібнай і ў выбарах трэба было браць удзел.

Адзін з ідэолагаў "Байкоту-2000" Анатоль Лябедзька 8 траўня заявіў Радыё "Свабода": "Я быў удзельнікам кампаніі байкоту 2000 г., але мушу прызнаць, што з таго часу адбыліся пэўныя змены. Тады галасы фальшаваліся, яны прыпісваліся. А цяпер, у 2008 г., іх проста ніхто не будзе лічыць. І незалежна ад таго, якая колькасць будзе рэальна браць удзел, і яўка, і вынікі галасавання будуць такімі, якія прапішуць у Чырвоным доме". Лябедзька фактычна прызнаецца ў тым, што ў 2000 г., калі апазіцыя выбары ігнаравала, галасы яшчэ лічылі (менавіта гэтым можна растлумачыць з'яўленне ў ПП НС, напрыклад, Уладзіміра Навасяда). У 2008 г. галасы лічыць ніхто не будзе, а таму нават байкот не дапаможа, бо нават калі апазіцыя здолее змабілізаваць людзей на свядомае ігнараванне працэдуры галасавання, іх адсутнасць на ўчастках не будзе ўзятая да ўвагі.

Адсюль жа можна зрабіць яшчэ адну выснову, ужо шматкроць агучаную: беларуская публічная палітыка ўсе апошнія 14 гадоў ідзе шляхам звужэння магчымасцяў апазіцыі. А таму, адмаўляючыся ад выбараў сёння, ты звужаеш шанцы на сваё існаванне ў любым выглядзе ў далейшым.

У 2000 г. асноўным аргументам на карысць адмовы ад удзелу партыяў у кампаніі было нежаданне "легітымізаваць выбары". Маўляў, кампанія, якая адбылася з удзелам апанентаў Лукашэнкі, хутчэй будзе прызнана міжнароднай супольнасцю. У 2008 г. Бандарэнка не прыводзіць гэтага аргументу, па ўсім відаць, усвядоміўшы ўсю ступень дурасці спадзеваў на тое, што рэжым гатовы лічыцца з меркаваннем міжнароднай супольнасці. ПП НС не мае патрэбы ў легітымізацыі большай, чым прызнанне яе правамернасці прэзідэнтам. Што думаюць пра выбары АБСЕ і ЗША, застаецца асабістымі праблемамі АБСЕ і ЗША.

Бандарэнка насядае на іншае. На яго думку, байкот патрэбны, каб на выбары не прыйшлі людзі. Як прымусіць ЦВК адлюстраваць адсутнасць людзей на ўчастках ва ўмовах, калі да траціны яўкі забяспечваецца датэрміновым галасаваннем? "Неабходна зладзіць кантроль за колькасцю тых, хто прагаласаваў менавіта ў асноўны дзень галасавання. Я думаю, гэта цалкам па сілах і замежным, і беларускім дэмназіральнікам", - кажа Бандарэнка. Так і ўяўляеш сабе сакратара ЦВК, які канспектуе высновы назіральнікаў і заносіць гэтыя звесткі ў выніковыя пратаколы.

Партыйная апазіцыя пакуль не ўхваляе ідэю Бандарэнкі. На думку Аляксандра Мілінкевіча, у Беларусі гэтая форма пратэсту "малаэфектыўная, бо мала хто даведаецца пра тое, што мы ладзілі байкот: не прыйдуць на выбары толькі актывісты". Апазіцыя лічыць, што трэба рэгістраваць кандыдатаў, скарыстацца магчымасцю бясплатных выступаў на радыё і ТБ, прычым скарыстацца у т.л. для таго, каб данесці да выбарцаў інфармацыю, як праходзяць выбары ў Беларусі.

Але ў Бандарэнкі ўжо з'яўляюцца прыхільнікі, і не выключана, што яго гледзішча ў рэшце рэшт пераможа. Тады яшчэ праз 4 гады апазіцыя стане казаць, што трэба было ўсё ж такі ўдзельнічаць у выбарах 2008 г., бо тады апазіцыйных кандыдатаў яшчэ хоць неяк рэгістравалі, давалі праводзіць агітацыю. А ПП НС тым часам будзе працягваць прымаць законы, якія рэгулююць жыццё ўсёй краіны, у т.л. апазіцыі.

Апошнія навіны