Дапамажыце знайсці НАТА!
- Сяргей Сацук, «Ежедневник»
- 2.05.2008, 11:21
Я заўсёды недалюбліваў наша войска. Мусіць, таму, што ведаю яго знутры. Я упэўнены, што сапраўдных афіцэраў – з тых, каго мы прызвычаіліся бачыць у аднайменным фільме, у войску не больш за 10%.
Яны пайшлі служыць толькі для таго, каб не працаваць і атрымаць вялікую пенсію яшчэ ў маладыя гады. Яны ўмеюць ставіць задачы, умеюць зневажаць падначаленых, умеюць зневажацца самі… Усё што заўгодна ўмеюць, але толькі не быць афіцэрамі. Але на мінулым тыдні мне ўпершыню стала сорамна за нашае войска…
У мяне ёсць добры знаёмец, які служыць у Міністэрстве абароны. Ён маёр і ў свае 30 з нечым мае надзвычайны запал да навучання. Як яго ні стрэну, ён заўсёды з падручнікам у руках. То грэцкую вучыць, то швецкую, то яшчэ нешта штудыюе… Калі я яго запытваю, навошта яму гэта, ён адказвае, што сучасны афіцэр мусіць ведаць і ўмець усё. Ён адносіцца да тых 10% сапраўдных афіцэраў, якія, на маю думку, у войску яшчэ засталіся. Пры сустрэчы з маім знаёмым мы заўсёды пачынаем спрачацца…
Упэўнены: Беларусі не патрэбнае такое велізарнае войска. Яно сядзіць у нас на карку і цягне да зямлі сваёй празмернай вагой. І калі 45-гадовы падпалкоўнік, што прасядзеў усю службу на ўтульных пасадах, сыходзіць на "заслужаны адпачынак" з штомесячнай пенсіяй у 800-900 тыс. рублёў, мне робіцца жахліва шкада нашую краіну. Бо гэта пенсія была забяспечана, у тым ліку, і за кошт якой-небудзь настаўніцы, якая, пры стажы ў 15 гадоў, мусіць працаваць на дзве стаўкі, каб атрымаць 600 тыс. рублёў. І так яна будзе цягнуць на сваім карку нашых годных афіцэраў аж да 55 гадоў.
Я не лічу гэта сацыяльнай справядлівасцю. І калі мне кажуць, што служба ў войску не цукар і таму афіцэры так рана сыходзяць на пенсію, я заўсёды смяюся ў адказ. Праўда, спрэчку свайму знаёмцу я заўжды прайграю. Ён б'е мяне пэўнымі лічбамі і фактамі. Ён ведае столькі пра войскі ЗША, Грэцыі, Швецыі, Нямеччыны, Польшчы, Украіны, што проста няма чаго гэтаму супрацьпаставіць.
Ён прызнае ўсе недахопы нашага войска, якімі я спрабую аргументаваць сваю пазіцыю, але спісвае іх на недахопы сістэмы ў цэлым, слушна заяўляючы, што ў іншых дзяржструктурах сапраўдных людзей таксама няшмат і большасць кіруецца стратэгіяй "дзе б ні працаваць, абы не працаваць".
Але на гэтым тыдні ў нашай даўняй спрэчцы ў мяне з'явіўся жалезны аргумент - той сорам, які я адчуў за нашае войска. Справа была ў нямецкай амбасадзе, дзе я стаў сведкам паказальнай сцэны. Маёр Міністэрства абароны прынёс афармляць дакументы на візу для паездкі ў Бельгію па запрашэнні НАТА. Консул, якая глядзела дакументы, сказала маёру, што назвы арганізацыі-запрашальніка (НАТА) і краіны прызначэння (Бельгія) сёння не дастаткова і трэба яшчэ пазначыць дакладны адрас.
- А дзе я яго вазьму? - здзіўлена спытаў маёр. Пры гэтым у яго быў такі важны, нават фанабэрысты выгляд, быццам яго спыталі пра нешта непрыстойнае.
- Як дзе? - надышла чарга здзіўляцца консулу. - А няўжо вы не ведаеце?
- Я толькі ведаю, што штаб-кватэра ў Бельгіі знаходзіцца…
- Ну а ў Міністэрстве абароны хіба гэтага не ведаюць?
- Адкуль?
- Але вашыя ж стала туды ездзяць…
Маёр ганарліва змаўчаў.
- Пашукайце ў інтэрнэце, - усё не здавалася консул.
- Што мне, са столі гэты адрас браць? - здзівіўся маёр.
- Ну чаму ж… Калі інтэрнэт не пасуе, схадзіце да нашага вайсковага аташэ, патэлефануеце, урэшце, у НАТА…
Гэтым разам маёр нават нічога не адказаў.
- Добра, я зараз паклічу каго-небудзь, каб вам дапамаглі знайсці гэты адрас, - злітавалася консул над нашым "абаронцам".
Што было далей, не варта і апісваць…
Мне было так сорамна за нашага афіцэра і за ўсё беларускае войска, што не заставалася нічога іншага, як засмяяцца. Калі такі важны, не пабаюся сказаць, надзьмуты маёр Мінабароны не здольны знайсці адрас штаб-кватэры НАТА, што тут можна сказаць?
Дарэчы, у НАТА ёсць сайт па-руску. А у інтэрнэце без клопатаў можна знайсці карту Брусэля, на якой штаб-кватэра НАТА вельмі нават добра бачная.