BE RU EN

Кіраўніцтва «Белмедпрэпаратаў» прысуджанае да 9,5 год турмы

  • 2.05.2008, 13:43

Былы замдырэктара і былы галбух завода "Белмедпрэпараты" прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі.

Суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў былога намесніка дырэктара і былога галоўнага бухгалтара прадпрыемства "Белмедпрэпараты" да 9,5 год пазбаўлення волі кожнага.

Аб гэтым паведаміла "Інтэрфаксу" оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага кіраўніцтва па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вераніка Пасмеццева

"Судом Маскоўскага раёну Менска былы замгендырэктара і былы галоўны бухгалтар прысуджаныя да 9,5 год пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці", паведаміла В.Пасмеццева.

Па яе словах, "яшчэ тры бухгалтары дадзенага прадпрыемства прысуджаныя да пазбаўлення волі на тэрміны ад 5 да 6 год".

Нагадаем, у студзені 2007 года супрацоўнікамі ГУУС былі затрыманыя службовыя асобы РУП "Белмедпрэпараты" – намеснік гендырэктара, галоўны бухгалтар, кіраўнік па налічэнні заробка і два бухгалтары-касіры.

Па версіі следства, з 2002 па 2006 гады яны, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, здзейснілі крадзёж грашовых сродкаў прадпрыемства "Белмедпрэпараты" ў асабліва буйным памеры.

"Яны заключалі фіктыўныя дамовы з фізічнымі асобамі на правядзенне рэкламных работ па рэкламе лекавых прэпаратаў у шэрагу краінаў СНД - Украіне, Расеі, спісвалі наяўныя грашовыя сродкі, а рэклама фактычна праведзеная не была. Такім чынам, службовыя асобы здзейснілі крадзёж грашовых сродкаў на суму каля 700 мільёнаў рублёў", паведаміла прадстаўнік МУС.

Апошнія навіны