Бацькі адкажуць за дзяцей
- 2.05.2008, 16:56
Камісія па справах непаўнагадовых Першамайскага райвыканкаму Віцебска абвясьціла папярэджаньне 17-гадовым вучаніцам сярэдняй школы №38 Крысьціне і Вікторыі Чыж.
16 красавіка яны былі затрыманыя падчас акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. У выпадку наступнага затрыманьня іх бацькам пагражаюць штрафы, паведамляе “Радыё Свабода”.
Затрыманая зь імі разам адзінаццаціклясьніца сярэдняй школы №17 Юлія Міхайлава атрымала адміністрацыйнае папярэджаньне ад камісіі па справах непоўналетніх Чыгуначнага райвыканкаму тры дні таму.
Чальцы камісіяў разглядалі пратаколы затрыманьняў, складзеныя міліцыянтамі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. 16-га красавіка дзяўчаты разам зь іншымі сябрамі “Моладзі БНФ” утварылі “жывы ланцуг” уздоўж вуліцы Леніна побач зь летнім амфітэатрам, узяўшы ў рукі партрэты Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.
У атрыманых дзяўчатамі пастановах пра папярэджаньне напісана, што ў выпадку наступнага затрыманьня за парушэньне грамадзкага парадку бацькі Юліі Міхайлавай і сясьцёр Вікторыі і Крысьціны Чыж будуць аштрафаваныя на 30 базавых велічынь – гэта адзін мільён 50 тысяч беларускіх рублёў.