BE RU EN

Пасажыры метро будуць плаціць двойчы

  • 20.05.2008, 9:24

Пасажырам менскага метро з-за закрыцця на рэканструкцыю станцыі "Кастрычніцкая", магчыма, давядзецца плаціць за праезд двойчы.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік аддзела перспектыўнага развіцця пасажырскага транспарту прадпрыемства "Мінсктранс" Аляксандр Капцюх.

Нагадаем, перасадачны вузел Менскага метрапалітэна закрываецца на рэканструкцыю з 1 чэрвеня. На гэты час ад плошчы Незалежнасці да станцыі "Плошча Перамогі" будзе курсіраваць бясплатны аўтобус. Аднак пасажырам метро, па словах Капцюха, давядзецца набываць жэтон і тады, калі яны пасля праезду ў аўтобусе будуць заходзіць пад зямлю другі раз. "Пакуль у метро ўваход другі раз платны... Аднак канчатковага рашэння яшчэ не прынята".

І пакуль кіраўніцтва горада ў гэтым пытанні яшчэ не прыняло канчатковага рашэння, дык з бясплатным аўтобусам усё зразумела - ён будзе курсіраваць з інтэрвалам 1,5 хвіліны. Аднак, як лічыць Аляксандр Капцюх, яго з'яўленне на праспекце Незалежнасці можа прывесці да новых праблемаў. "Пры троххвілінным інтэрвале руху 100-га маршрута ўклініць яшчэ і бясплатны аўтобус, дык аўтобусы будуць ісці па праспекце чаргой!".

Адзначым, што рэканструкцыя "Кастрычніцкай", дзе замест трох эскалатараў усталююць чатыры, мусіла працягнуцца пяць месяцаў, аднак старшыня Менгарвыканкаму запатрабаваў, каб усе працы былі завершаныя да 1 верасня.

Апошнія навіны