Беларусь патрапіла ў спісы неміралюбівых краінаў
- 20.05.2008, 13:17
Беларусь з'яўляецца не самой міралюбнай краінай, апынуўшыся толькі на 94-ым месцы з 140 магчымых у штогадовым "Рэйтынгу міралюбія краінаў свету".
Даследаванне, якое праводзілася незалежным даследчым Інстытутам эканомікі і міра і аналітычным аддзелам брытанскага часопіса The Economist, уключае адзнаку па 24 крытэрах, датычных знешняй палітыкі і ўнутранай сітуацыі ў краінах.
У прыватнасці, у даследаванні ўлічвалася інфармацыя аб адносінах з суседнімі краінамі, продажах зброі і колькасці ўзброеных сілаў, размешчаных за мяжой. А таксама пагроза тэрарыстычнага нападу, узровень злачыннасці і колькасць зняволеных у краіне.
Адныя з лепшых паказчыкаў - у краін Еўрапейскага звяза. 16 з 20 найболей мірных дзяржаваў – гэта еўрапейскія дэмакратыі. А пальма першынства сёлета была адданая Ісландыі, дзе адзначаная ўнутрапалітычная стабільнасць і адзін з самых нізкіх адсоткаў зняволеных. Акрамя таго, у краіны няма свайго рэгулярнага войска, а замест гэтага падтрымліваюцца добрыя адносіны з суседзямі.
Беларусь у гэтым спісе займае 94 месца і суседнічае з Камбоджы, Мексікай і Папуа Новай Гвінеяй.
Найменш мірнымі прызнаныя Аўганістан (137), Судан (138) і Самалі (139).
Дарэчы, Расея ненашмат апярэдзіла гэтыя краіны, апынуўшыся толькі на 131 месцы.