Зміцер Дашкевіч: «Для нас важная рэальная праца ў выбарчых акругах»
- 20.05.2008, 13:45
Адзін з лідэраў арганізацыі "Малады фронт" Зміцер Дашкевіч пракаментаваў выказванні лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.
Нагадаем, А.Лябедзька заявіў аб тым, што ў сувязі з выхадам "Маладога Фронту" з кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) і далучэннем МФ да ідэі байкоту выбараў у адзіным спісе кандыдатаў ад АДС з'явіліся вакансіі па трох акругах. Ён прапанаваў высунуцца на гэтых акругах Аляксандру Мілінкевічу, Станіславу Шушкевічу і Аляксандру Ярашуку.
"Пасля вынахаду МФ з АДС мы заявілі, што не збіраемся ствараць альтэрнатыўныя спісы, але таксама і не патрабуем нейкіх квотаў ад АДС. Усе сябры нашай арганізацыі, жадаючыя ўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі, удзельнічаюць у ёй як асобы, а не як прадстаўнікі МФ. З гэтай пазіцыяй згаджаліся спачатку і сустаршыні АДС, заяўляючы, што любы чалавек, які гатовы падпісацца пад агульнай стратэгіяй ад імя кааліцыі, мае права на роўны з іншымі ўдзел у выбарчай кампаніі. Цяпер лідэры АДС заяўляюць аб жаданні аддаць выбарчыя акругі сябраў нашай арганізацыі знакавым постацям беларускага дэмакратычнага руху - такім, як Мілінкевіч, Шушкевіч і Ярашук. Для нас гэта не з'яўляецца каменем спатыкнення, і мы гатовыя саступіць выбарчыя акругі. Тым больш, такім паважаным і годным людзям. Пытанне толькі ў тым, ці захочуць яны самі ўдзельнічаць у выбарах", - сказаў Дашкевіч.
Але, як лічыць Дашкевіч, наўрад ці ў названых асобаў паўстане такое жаданне.
Тым не менш, па словах моладзевага лідэра, "Малады Фронт" мае іншае бачанне парламенцкай кампаніі. "Для нас галоўным з'яўляецца не перадзел выбарчых акруг, а рэальная праца на іх і ўздым пратэстных настрояў грамадства. Уздым гэты магчымы, бо ўжо цяпер, яшчэ ў пачатку дзейнасці магчымай кампаніі "Байкот!", палова беларусаў ведаюць, што вынікі выбараў фальшуюцца. Паўстае пытанне: "Каго збіраюцца запрашаць на выбары дэмакраты, якія і самі не вераць у справядлівасць выбараў?" - заявіў Дашкевіч.
Па словах Дашкевіча, "Малады Фронт" падчас парламенцкай кампаніі будзе дамагацца таго, каб беларусы актыўна абаранялі права справядлівага падліку галасоў і выступалі супраць магчымай фальсіфікацыі вынікаў выбараў.