Журналістам выдалі пагоны
- 20.05.2008, 15:38
На вайсковыя зборы ўпершыню ўзялі журналістаў гарадзенскіх дзяржаўных газет.
20 траўня былі прызваныя на 25 дзён некалькі супрацоўнікаў дзяржаўных выданьняў, у тым ліку ўласныя карэспандэнты рэспубліканскіх газэт, пiша Bulletinonline.
Па ўмовах, ім павінны выплаціць на працы аклад, як было ў савецкія часы. Але ганарару ў любым разе яны зарабіць ня змогуць і, такім чынам, будуць мець страты. Пашанцавала толькі "нячэсным" журналістам, якія не працуюць на ўладу, іх пакуль не патурбавалі.
Працаўнікі пяра будуць знаходзіцца ў адной з вайсковых частак Горадні, і займацца наладжваньнем выпуску франтавой газэты. Такім чынам, беларускае камандаваньне спадзяецца ў выпадку "нападу меркаванага праціўніка" на зацяжны характар ваенных дзеяньняў, калі можна будзе выпускаць і распаўсюджваць у войсках армейскую газэту.
Некаторыя з журналістаў, прызваных сёньня, ніколі не бывалі на зборах нават у часы савецкай арміі, хаця тады гэта было звычайнай справай. Апошнім разам гарадзенскіх журналістаў бралі ў армію дваццаць гадоў таму. Яны выпусьцілі ў горадзе нумар газэты "Боевое знамя", а затым іх нават ў складзе вялікай вайсковай калёны завезьлі ў лес, дзе будучы прэзыдэнцкі памочнік палкоўнік Посахаў распавядаў часовым "партызанам" пра натаўскую пагрозу.
Як вядома, упершыню пасьля зьнікненьня СССР вайсковыя зборы былі адноўленыя некалькі гадоў таму, калі для вучэньняў на гарадзенскім палігоне ў Гожы былі ўзятыя з запасу адразу некалькі соцень сяржантаў і афіцэраў. Яны спатрэбіліся, каб адпрацоўваць варыянты супрацьстаяньня заходняй пагрозе. Сёньня на зборах спатрэбіліся ўжо таксама і журналісты, каб баявым друкаваным словам натхняць байцоў супраць натаўскай ваеншчыны.