На Віцебшчыне сухотнікі — 100 чалавек — зноў абвясцілі галадоўку
- 20.05.2008, 15:45
У Багушэўскай абласной сухотнай лякарні, што ў Сененскім раёне на Віцебшчыне, усчаўся бунт.
Пацыенты незадаволеныя ўмовамі знаходжання тут і абыходжаннем з імі медперсаналу лякарні, у якой на 320 месцаў — 500 хворых, прычым у аддзяленні, дзе з 78 чалавек — 24 жанчыны, а астатнія мужчыны, маюцца толькі адна ванна і адзін душ, якімі да таго ж амаль немагчыма карыстацца, паведамляе "Радыё Рацыя".
Пры антысанітарных умовах і нішчымнай ежы за год у лякарні памерлі 67 чалавек. На сённяшні дзень 100 чалавек — 70 мужчын і 30 жанчын, псіхічна хворыя ды інфікаваныя палачкай Коха, утрымліваюцца ў лякарні за кратамі і не маюць зусім ніякага догляду. Гэтыя 100 чалавек ужо абвясцілі галадоўку, астатнія могуць далучыцца ў любы момант.
Найбольш актыўных, хто адкрыта выказвае незадавальненне, выпісваюць. Так, 19 траўня з адкрытай формай сухотаў выпісалі Валера і Наталлю Драбышэўскіх.
Паводле слоў Наталлі, “у палатах па падлозе, сценах і ложках бегаюць пацукі з прусакамі. Ноччу даводзіцца накрывацца з галавой — хавацца ад іх. А кіраўніцтва лякарні не звяртае на гэта ніякай увагі”.
Драбышэўскіх, якія маюць дваіх непоўнагадовых дзяцей і ствараюць пагрозу для здароўя іншых людзей, выпісалі насуперак прававым і медычным нормам. Таму Наталля Драбышэўская сёньня падала скаргу ў абласную пракуратуру і ўпраўленне аховы здароўя.
тым часам, у Аршанскай раённай пракуратуры адмовіліся прыняць скаргу Драбышэўскіх на кепскія ўмовы ўтрыманьня ў Багушэўскім шпіталі. Супрацоўнікі пракуратуры спаслаліся на тое, што горад Багушэўск знаходзіцца ў Сеньненскім раёне, а не ў Аршанскім. Драбышэўскія ж лічаць такое рашэньне няправільным, бо самі яны — жыхары Воршы.
Нагадаем, што на пачатку года галадавалі 150 сухотнікаў Наваеленскай лякарні, што ў Дзятлаўскім раёне Гарадзенскай вобласці.